Задушыць у абдымках. Хто каго?

29.07.2005 / 13:00

Няшчасьце ў тым, што Лукашэнка ў сваёй гульні ставіць на карту ня свой палітычны лёс, а лёс беларускай нацыі. Піша Віталь Тарас.

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву на запрашэньне Ўладзімера Пуціна расейскія СМІ назвалі «загадкавым». Пры гэтым журналісты спасылаліся на тую акалічнасьць, што пра візыт нібыта нічога ня ведалі напярэдадні ні ў беларускай амбасадзе ў Маскве, ні ў расейскай у Менску. Зьвярталася ўвага і на тое, што перамовы кіраўнікоў дзяржаў адбываліся за зачыненымі дзьвярыма і амаль ніякай інфармацыі з Крамля па выніках перамоў не падавалася. Наўрад ці можна лічыць вельмі каштоўнай для журналістаў інфармацыю пра наведаньне Лукашэнкам аэракасьмічнага комплексу ды заявы аб надзвычайнай важнасьці для Беларусі спадарожніка «БелКА». Таксама не назавеш сэнсацыйным паведамленьне пра тое, што Пуцін чарговы раз абяцаў свайму суразмоўніку вырашыць пытаньне наконт захаваньня ранейшых тарыфаў на расейcкі газ для Беларусі.

Недахопу ў спэкуляцыях вакол згаданага візыту хапала — як зь беларускага, так і расейскага боку. У Беларусі, аднак, візыт гэты не выглядае надта загадкавым. Па-першае, сакрэтнасьць вакол усіх перамяшчэньняў і плянаў кіраўніка беларускай дзяржавы даўно зрабілася рэччу абсалютна звыклай, бо гэтая сакрэтнасьць — натуральная рыса рэжыму. Дарэчы, і ягоны расейскі калега празьмернай адкрытасьцю палітыкі й асабліва дыпляматыі таксама не вызначаецца. Па-другое, значна большае зьдзіўленьне ў назіральнікаў выклікала б іншае разьвіцьцё падзей — калі б, напрыклад, цягам лета, калі ў Пуціна менш напружаны расклад візытаў і прыёмаў, не адбылася ягоная сустрэча з Лукашэнкам. Занадта няпроста складваецца цяпер сытуацыя і для Беларусі, і для Расеі, асабліва ў міжнародным пляне, каб кіраўнікі абедзьвюх дзяржаў маглі дазволіць сабе ігнараваць адзін аднаго, а тым больш працягваць канфрантацыю.

Масква ставіць на адзінага?

Ня так і важна, хто быў ініцыятарам сустрэчы ў вярхах. Магчыма, гэтым разам Пуцін сапраўды запрасіў да сябе Лукашэнку. Магчыма, яны дамовіліся аб сустрэчы ў Маскве яшчэ падчас сочынскіх перамоў увесну, але да часу вырашылі не абнародаваць гэтай інфармацыі. Важна, аднак, што, паводле афіцыйных СМІ, запрашэньне зыходзіла менавіта ад прэзыдэнта Расеі, і таму Лукашэнка выступаў гэтым разам у ролі ганаровага й доўгачаканага госьця. І ўжо само па сабе гэта азначае, што дырэктыва Крамля, якая, на думку некаторых мас-мэдыя, была дадзена тэлеканалу «Расея» — раскручваць станоўчы імідж кіраўніка саюзнай дзяржавы, — сапраўды існуе. У тым або іншым выглядзе. І такім чынам, за год да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Масква дэманструе намер падтрымаць на іх «адзінага кандыдата». Не ад дэмакратычных сіл.

Праўда, дэманстрацыя намераў, якой заўсёды славіўся Крэмль, яшчэ не азначае, што намеры будуць спраўджаныя. Хутчэй за ўсё, як мяркуюць некаторыя беларускія назіральнікі, Масква выпрабоўвае старую, правераную тактыку, уласьцівую некалі бізантыйскаму двару ў стасунках зь іншымі дзяржавамі. Ненадзейных хаўрусьнікаў, а тым больш таемных ворагаў, Бізантыя імкнулася задушыць у сваіх абдымках. Лепей наблізіць ворага, спавіць яго рознага роду абяцаньнямі, трымаць навідавоку, чым адкрыта сварыцца, а тым больш распачынаць вайну. Праўда, у наш час войны вядуцца інфармацыйныя, але каштуюць яны нярэдка ня менш дорага, чым сапраўдныя.

Цяжка паверыць, што ў крамлёўскай адміністрацыі або ў спэцслужбах цалкам давяраюць А.Лукашэнку, які ўжо не аднойчы праявіў сябе як вельмі непрадказальны, неўтаймоўны й небясьпечны палітык. Палітык, які сам нядаўна шчыра прызнаўся ў інтэрвію тэлеканалу ТВЦ, што ў яго няма сяброў. Трэба разумець, што ня толькі ў асабістым жыцьці, але і ў палітыцы таксама. Лішне казаць, што і ў Пуціна ў палітыцы ёсьць толькі інтарэсы. Відаць, у Крамлі карыстаюцца расейскай прымаўкай, якую любіў некалі паўтараць прэзыдэнт Рэйган у дачыненьні да Саветаў, — «давярай, ды правярай»…

Лекі на апёкі… ад рэвалюцый

Зразумела, што, апёкшыся на «каляровых рэвалюцыях» у постсавецкіх краінах, расейскі прэзыдэнт цяпер дзьме на ваду — іншымі словамі, калі карыстацца іншай расейскай прымаўкай, пылінкі зьдзьмухвае з галавы кіраўніка саюзнай дзяржавы. А тут яшчэ рознага роду караганавы палохаюць прывідам будучых крывавых падзей у Беларусі, якія будуць паказаны па CNN на ўвесь сьвет. І тады — бывайце, намінальнае старшынства ў «вялікай восемцы», адносна добрыя стасункі зь Нямеччынай і Францыяй, сумесная барацьба з тэрарызмам, а можа быць — і спрыяльная эканамічная каньюнктура для Расеі!

У Захаду — свае інтарэсы, дзеля якіх заходнія палітыкі глядзяць праз пальцы на эксцэсы «кіраванай дэмакратыі» ў Расеі. Але паглынаньне Беларусі, калі можна ўжыць такі калямбур, Захад праглыне наўрад ці. Адна справа — мець на ўсходняй мяжы мала прадказальны, варожы, але ў цэлым слабы дыктатарскі рэжым. І зусім іншая — атрымаць адроджаную «імпэрыю зла» з сваёй ядзернай зброяй, рэваншысцкімі амбіцыямі ды атручаную расейскім шавінізмам, які перажывае цяпер эпоху адраджэньня.

Пуціну сёньня важна захаваць імідж эўрапейскага палітыка, які прызнае заходнія дэмакратычныя каштоўнасьці, хоць і з агаворкамі пра нейкую «расейскую спэцыфіку». Аднак надзеі беларускіх дэмакратаў на тое, што расейскі прэзыдэнт перавыхавае свайго беларускага «субрата», выглядаюць наіўнымі. Інтэрвію беларускага генэрала Паўлава «Голасу Амэрыкі», у якім той ускладае вялікія надзеі на нядаўна створаную беларуска-расейскую камісію па правах чалавека і спасылаецца на абяцаньне Пуціна паўплываць на сытуацыю ў Беларусі пры сустрэчы зь яе кіраўніком, здольнае выклікаць у чытача хіба што крывую ўсьмешку. Як і чым рэальна могуць дапамагчы расейскія праваабаронцы, калі яны ня здольныя вось ужо дзесяць гадоў нічым дапамагчы чачэнскаму народу?

Дагнаць і перагнаць Башкартастан!

Некаторыя праваабарончыя арганізацыі ў Расеі, усьлед за ўладамі, адмаўляюцца называць вайну ў Чачэніі вайной, а зьнішчэньне чачэнцаў — генацыдам. Яны трактуюць падзеі ў Чачэнскай рэспубліцы ўсяго толькі як «масавыя парушэньні правоў чалавека». Пры такім падыходзе зьнікненьне некалькіх апазыцыянэраў у Беларусі павінна ўспрымацца ў Расеі як дробязь, ледзьве не як дзіцячае свавольства.

Пры тым што большасьць расейскіх праваабаронцаў імкнуцца цяпер захоўваць ляяльнасьць дзяржаве, дзяржава толькі ўзмацняе ціск на праваабарончы рух, выстаўляючы ўсё новыя абмежаваньні ў рэгістрацыі й дзейнасьці ў галіне абароны правоў чалавека. Калі грамадзкае расьсьледаваньне фактаў масавага зьбіцьця міліцыянтамі мірных грамадзянаў у Башкартастане завяршаецца тым, што ўпаўнаважаны па правах чалавека Ўладзімер Лукін ківае пальчыкам кіраўнікам суб’екту фэдэрацыі — нядобра так рабіць, хлопцы, — дык выказваньне таго ж Лукіна аб тым, што Масква занепакоеная станам правоў чалавека ў Беларусі гучыць непераканаўча.

Часам даводзіцца чуць размовы: няхай бы Беларусь далучылася да Расеі — можа, тады стандарты дэмакратыі й правоў чалавека ў новай саюзнай дзяржаве вытрымліваліся б! На гэта можна запярэчыць: паглядзіце, як гэтыя стандарты вытрымліваюцца ў суб’ектах цяперашняй РФ — на Каўказе, у Калмыкіі, Башкартастане ці нават у якой-небудзь Курскай вобласьці. Можна не сумнявацца, што ў выпадку далучэньня Беларусі да Расеі ўлада мясцовага беларускага начальства стала б яшчэ больш бязьмежнай і абсалютна некантраляванай, а сытуацыя з правамі чалавека — увогуле катастрафічнай. І ўсё гэта ў абмен на поўную ляяльнасьць вышэйшага кіраўніцтва беларускай «дзяржавы» Крамлю.

Паспрабуй абдымі

Наўрад ці падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Крамлі вялася размова пра здачу сувэрэнітэту Беларусі ў абмен на нейкія эканамічныя выгады й палітычную падтрымку на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Няма яшчэ сёньня ў Расеі рэальнага грунту для перамоў «з пазыцыі сілы» (а толькі такую пазыцыю разумее кіраўнік Беларусі). У самога Пуціна становішча ўнутры ўласнай краіны досыць хісткае. Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, расейскаму прэзыдэнту давяраюць цяпер менш за чвэрць апытаных — абсалютны адмоўны рэкорд за ўвесь час знаходжаньня яго ва ўладзе. І гэта пры нібыта ідэальнай эканамічнай каньюнктуры, нечуваным росьце цэн на нафту, стварэньні шматмільярднага стаблізацыйнага фонду, павышэньні зарплат бюджэтнікам.

Жыцьцёвы ўзровень большасьці расейцаў, якія жывуць за межамі Масквы й Санкт-Пецярбургу, застаецца катастрафічна нізкім. У такіх умовах выканаць апэрацыю «Пераемнік» (гэта значыць знайсьці прадстаўніка партыі ўлады, які б заняў месца Пуціна на чатыры гады пасьля выбараў, а потым вярнуў пасаду назад) будзе няпроста. Таму Пуцін імкнецца засьцерагчы сябе ад эксцэсаў як унутры краіны, так і вакол яе — найперш у Беларусі. Страціць такога саюзьніка ён ня можа сабе дазволіць, інакш гэта будзе азначаць канчатковую палітычную паразу на замежным кірунку.

Аднак ці ўдасца Пуціну маніпуляваць Лукашэнкам, хай сабе з дапамогай сяброўскіх абдымкаў ды падарункаў з царскага пляча — напрыклад, у выглядзе льготных тарыфаў на газ? Пакуль што такія спробы завяршаліся нічым. Кіраўніку Беларусі ў патрэбны яму момант удавалася высьлізнуць з абдымкаў. Няшчасьце ў тым, што ў гэтай гульні на карту пастаўлены не палітычны лёс кіраўнікоў дзяржаў, а лёс беларускай нацыі, якая ніяк ня можа распарадзіцца ім сама.