Дарус Куоліс:

05.08.2005 / 13:00

«Радзіма — гэта не зямля і межы, а правы і cвабоды»

Пра пэрспэктывы разьвіцьця літоўскае дзяржавы, фармаваньне сучаснай грамадзянскай супольнасьці і ролю ў ёй нацыянальных меншасьцяў Літвы гутараць дырэктар Інстытуту грамадзянскай супольнасьці доктар Дарус Куоліс і журналістка Тацяна Ясінская.

— Выступ на навуковай канфэрэнцыі ў Віленскім унівэрсытэце, прысьвечанай захаваньню малых культур Эўропы, Вы пачалі з цытаты: «Радзіма — гэта не зямля і межы, а правы і свабоды». Каго Вы цытавалі?

— У XVI—XVII стагодзьдзях нашы суайчыньнікі на пытаньне «Хто такі літовец?» адказвалі: «Той, хто любіць свабоду», а Крыштоф Радзівіл пісаў: «Радзіма — гэта ня межы, ня сьцены, ня землі, а свабоды і правы». Перш за ўсё — грамадзянскія правы.

Наша традыцыя ідзе ад Рыму

— Ці далёка адышлі мы сёньня ад такога разуменьня Радзімы?

— Мы яшчэ не прыйшлі. І літоўская большасьць, і меншасьць усё яшчэ пачуваюцца ў літоўскай дзяржаве не раўнапраўнымі грамадзянамі, а асобнымі этнічнымі групамі. Асабліва насьцярожвае, што ідэнтытэт сёньняшняга літоўца мала чым адрозьніваецца ад ідэнтытэту літоўца савецкіх часоў. Усюды этнічнае разуменьне літоўца пераважае над грамадзянскім і палітычным.

А ў XVI—XVIII ст. літоўскае грамадзтва аб’ядноўвала менавіта гэтая асобная прастора грамадзянскіх правоў і каштоўнасьцяў. Тое самае было і ў 1920-х — у літоўскім урадзе былі міністры габрэйскага, беларускага паходжаньня, стваралася супольная прастора нацыянальнай дзяржавы. У XVI—XVIII ст. мы мелі Першую Рэспубліку (Рэч Паспалітую), спачатку асобную, затым разам з польскім народам, якая вылучалася ў агульнаэўрапейскім кантэксьце. На зьмену свабодным рэспублікам прыходзілі абсалютысцкія манархіі, а Літва і Польшча яшчэ доўга захоўвалі традыцыю Рымскай Рэспублікі. Так што дэмакратычны лад жыцьця і формы грамадзянскага жыцьця ня толькі пераносяцца да нас з Захаду — яны нам гістарычна ўласьцівы.

— А як іх зноў актуалізаваць?

— Вывучаць гісторыю і ўважліва чытаць кнігі.

Паралельны сьвет

— Як жывецца сёньня ў Літве прадстаўнікам нятытульных нацый?

— На апошніх выбарах у Сойм грамадзяне польскага і расейскага паходжаньня практычна не галасавалі за прадстаўнікоў правых партый. Гэта гаворыць як пра тое, што ў расейцаў і палякаў няма ўсёй паўнаты палітычнага спэктру, так і пра тое, што правыя сілы Літвы не знаходзяць глебы для дыялёгу зь імі.

Так, расейцам і палякам было цяжка зразумець перадвыбарны лёзунг кансэрватараў «Будзь больш літоўцам!». Затое куды больш расейцы і палякі падтрымалі Партыю працы і тых палітыкаў, якія вызначаюцца сымпатыямі да Расеі, — Казімеру Прунскене і Віктара Ўспаскіх. Значна адрозьніваецца і інфармацыйная прастора грамадзян Літвы розных нацыянальнасьцяў. Для літоўцаў яна адна, у расейцаў і палякаў — іншая, паколькі ёсьць розьніца ў каштоўнаснай і геапалітычнай арыентацыі. Аднак апошнім часам праграма «Панарама» Нацыянальнага тэлебачаньня і інфармацыйныя праграмы радыё паступова набываюць папулярнасьць ня толькі сярод літоў-цаў, але і сярод палякаў, расейцаў. Гэтым жа шляхам ідуць камэрцыйныя тэлеканалы LNK і ТV-3.

— Хто павінен ствараць такое дыскусійнае поле?

— Перадусім СМІ, калі яны зьбіраюцца ў поўнай меры выконваць сваю грамадзянскую місію, і самі палітыкі. Пакуль жа палітыкі — у тым ліку і з дапамогай прэсы — ствараюць для сябе цалкам ізаляваную і закрытую прастору. У палітычным жыцьці дамінуюць інфармацыйныя тэхналёгіі і адкрытыя спробы маніпуляваць грамадзтвам як масай. У такой сытуацыі патрэбны толькі вялікія грошы і адпрацаваныя тэхналёгіі апэляцыі да пачуцьцяў грамадзян.

— Наколькі насельніцтва Літвы прадстаўлена ў палітычным жыцьці?

— Удзел літоўцаў у палітычных працэсах, партыях, грамадзкіх арганізацыях, выбарах надзвычай нізкі. У актыўным палітычным жыцьці бяруць удзел ня больш як 4%. Так, самыя буйныя партыі Літвы налічваюць па 13—14 тыс. членаў. Гэта вельмі мала. Паводле ўдзелу людзей у недзяржаўных арганізацых, клюбах, аб’яднаньнях наша грамадзтва знаходзіцца на апошнім месцы ў Эўрасаюзе.

У пошуках сэнсу жыцьця — прэч зь Літвы

— Чаму пасьля пятнаццаці год незалежнасьці менавіта літоўцы, якія складаюць, у адрозьненьне ад латышоў і эстонцаў, абсалютную большасьць у сваёй дзяржаве, так няўпэўнена адчуваюць сябе ва ўласнай краіне?

— Прычына — у глыбокім палітычным адчужэньні ўсіх радавых палітычных жыхароў ад імі ж выбранай улады. Яны самі не адчуваюць сябе ў поўнай меры ні грамадзянамі сваёй краіны, ні, тым больш, яе гаспадарамі, для іх дзяржава і ўлада азначае тое самае. Узровень міграцыі зь Літвы намнога вышэйшы, чым з Латвіі і Эстоніі. І справа тут ня толькі ў эканамічных прычынах — умовы жыцьця сёньня ў Эстоніі ці Славакіі прыкладна аднолькавыя зь Літвой. Дзейнічае гістарычная памяць пра папярэднія хвалі літоўскай эміграцыі мінулага стагодзьдзя, а яшчэ — такі важны фактар, як «дэфіцыт сэнсу жыцьця». Людзі ня вераць, што ў Літве рэалізуюць сябе, створаць пасьпяховае жыцьцё для сваёй сям’і і дзяцей. Таму яны ня ў стане стварыць прывабнай прасторы, ідэалаў і каштоўнасьцяў для сваіх суайчыньнікаў іншага паходжаньня — расейскага, польскага, беларускага, габрэйскага.

— Няўжо Літва павінна зноў апынуцца ў стане сур’ёзнага ціску з-за мяжы ці адкрытай агрэсіі, каб з сэнсам жыцьця ў нас зноў было ўсё ў парадку?

— Літва стаіць перад рэальным выбарам — якой будзе наша дзяржава і наша грамадзтва. На два вельмі важныя пытаньні мы ўжо адказалі — даволі пасьпяхова стварылі ўсе фармальныя структуры дэмакратычнай дзяржавы і запусьцілі мэханізм свабоднага рынку з усімі яго плюсамі і мінусамі, ён ужо рэальна дзейнічае. Менавіта па гэтых двух крытэрах мы і былі прызнаны як роўныя краінамі Захаду. Аднак па частцы грамадзянскай супольнасьці мы спазьняемся — у савецкія гады яна была цалкам страчана. Праўда, у нас ёсьць добры гістарычны вопыт: у гады «Саюдысу», у пэрыяд аднаўленьня дзяржавы літоўскае грамадзтва рэальна адчула, што лёс нацыі знаходзіцца ва ўласных руках. Да гэтага вопыту мы павінны вярнуцца. Але цяперашні кантэкст нашага жыцьця — татальнае наступленьне рэклямы, фармаваньне грамадзтва спажываньня — апэруе іншай лёгікай, якая непасрэдна перашкаджае стварэньню грамадзянскай супольнасьці, навязваючы зусім іншыя сыстэмы каштоўнасьцяў. Таму, як у пачатку 1990-х, мы павінны ісьці супраць гэтай плыні, не паддавацца аптымістычным заклінаньням, быццам бы ўсё будзе добра і бяз нашых намаганьняў. Калі мы паддамося падобнай эўфарыі, дык можам неўзабаве зусім ня мець самастойнай будучыні.

Дзяржава — «супольная справа»

— Ці не здаецца Вам, што татальная зьмена сацыяльнага ўздыму пачатку 1990-х на сёньняшнюю сацыяльную апатыю выклікана яшчэ і тым, што Літва, як і Расея, прэтэндуе на званьне «краіны зь непрадказальным мінулым». Напрыклад, масіраваныя спробы пераканаць грамадзтва, што за 50 савецкіх год Літва нічога не атрыма-ла і ні ў чым не дасягнула посьпеху, самазабойчыя па сваёй прыродзе. Большасьць добра памятае, што Літва, яе эканоміка і культура, была адной з найбольш пасьпяховых, «выдатніцай» у той сыстэме. Сёньня ж кіраўнікі краіны спрабуюць пераканаць нас у тым, што ўсе гэтыя посьпехі былі ліпавыя, а фармальныя паводзіны «выдатнікаў» доўгія гады ўмела маскавалі толькі гістарычную горыч, нацыянальны боль і поўную эканамічную разруху.

— У савецкія гады Літва і літоўскае грамадзтва ня мелі самастойнага жыцьця ў поўным аб’ёме. Так, Літва жыла і разьвівалася, людзі жылі і стваралі, прыстасаваўшыся да гэтых умоў, аднак уласнай грамадзянскай прасторы не было. Таму абапірацца на савецкі пэрыяд у грамадзянскіх традыцыях мы ня можам.

Праблема ня ў тым, што мы адмаўляем савецкі час, а ў тым, што праз гэтае адмаўленьне ня можам зазірнуць далей у глыб гісторыі, у тыя часы, якія нас не разьядноўвалі, а аб’ядноўвалі, калі Вільня адстойвала ідэю свабоднай рэспублікі і грамадзянскай супольнасьці. Возьмем, напрыклад, перапіску Андрэя Курбскага з Іванам Жахлівым. Курбскі, цытуючы Цыцэрона (якога сам жа перакладаў з латыні на старарасейскую), кажа свайму колішняму сябру: «Ты загубіў рэспубліку, ты загубіў свабодны горад. А мы тут, у Літве, ствараем гэты свабодны горад. Грамадзянскія правы і грамадзянскія свабоды мы тут маем». Курбскі першы, мабыць, пераклаў на расейскую мову само лацінскае слова «рэспубліка» — «рэч паспалітая». Ён яшчэ і яшчэ раз падкрэсьлівае, што «ў Літве гэтую «рэч паспалітую» мы маем, а вы ў Расеі — не змаглі зьберагчы».

Вільня сапраўды мела такія традыцыі, што, нягледзячы на паходжаньне, культуру, мову, веравызнаньне, супольная прастора — «рэч паспалітая», «супольная справа» — існавала і аб’ядноўвала ўсіх, хто тут жыў. За яе, гэтую «супольную справу», змагаліся ўсе грамадзяне Літвы, незалежна ад паходжаньня. Такая гістарычная рэтраспэктыва вельмі актуальная для нас цяпер. Пакуль мы толькі змагаемся за розныя інтэрпрэтацыі і назвы савецкага часу, а трэба было б проста настойваць на гістарычнай ісьціне, што вольнай літоўскай дзяржавы ў тую пару не існавала. І толькі разуменьне гэтай гістарычнай ісьціны дапамагло ў пару «Саюдысу» яе аднавіць. Калі мы цяпер забудзем пра гэта, у нас ня будзе маральнай апоры і для будучай дзяржавы.

— Якое заданьне Вы далі б сёньня самім прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў для пасьпяховага ўдзелу ў пабудове грамадзянскай супольнасьці?

— Няможна паддавацца аптымістычнаму фаталізму: маўляў, усё само сабой станецца. Людзям, якія хочуць жыць тут і хочуць, каб наш дом быў утульным для ўсіх жыхароў і грамадзян Літвы, трэба быць актыўнымі. Грамадзянская пасіўнасьць небясьпечная. Мы ўсё яшчэ жывём у стане эрозіі дэмакратычнай дзяржавы і грамадзтва. Але мы абавязаны яе пераадолець і ўступіць у больш стваральную фазу свайго грамадзкага разьвіцьця.