Ржунімагу

02.09.2005 / 13:00

«Гэты рэсурс створаны для сапраўдных жЫвотных», — так рэклямуе сябе інтэрнэт-праект пад назвай «В Бабруйск, жЫвотнае» (babruisk.com).

У Белнэце падхапілі моду на расейскі моладзевы слэнг-вірус. Вынаходка належыць рэсурсу «Udaff.com», які стварыў альтэрнатыву правільным чатам і форумам. На «Ўдафе» мат ужываюць прынцыпова, шыкам лічыцца вульгаршчына, і чым больш кічу, тым больш у кайф. Такая сабе субкультура «анфан тэрыбляў».

«Наш рэсурс для тых, каго ўціскаюць за нецэнзуршчыну, для тых, хто хоча адчуваць сябе свабодным», — маніфэст «удаваўцаў», і яны хутка знайшлі аднадумцаў. Штодзень сайт наведваюць 50 тыс. чалавек, слэнгавыя наватворы падхапілі мільёны.

Вядомы выпадак: у красавіку маскоўская моладзь, пратэстуючы супраць затрыманьня ў Менску актывістаў «Яблока», мітынгавала з плякатамі «Лукашэнка, выпей йаду», «Лукашэнка — в Бабруйск».

Выраз «В Бабруйск, жывотнае» (пазначае скрайнюю антыпатыю) — адзін з самых папулярных сярод слэнгавых нагрувашчваньняў кшталту «ржунимагу», «фтэму».

Менавіта «Бабруйск» выціснуў з ужытку колішнюю папулярную адсылку ва Ўрупінск. «Сам выраз спачатку зьмяшчаў у сабе нэгатыў, і наш праект мае на мэце зьмяніць гэта. Пакрысе спраўляемся, некаторыя цяпер ганарацца, калі называюць сябе жывотнымі і носяць званьне бабруйчан», — кажуць аўтары сайту babrujsk.com — менчукі Інф і Ромб. Аўтары папярэджваюць, што аніякім чынам ня хочуць зьняславіць аднайменны горад. Іх Бабруйск — ня горад на мапе Беларусі, а невялічкая вёсачка на ўскраіне Інтэрнэту. «Калі жывотныя стамляюцца працаваць на карысьць мясцовых паноў і капіталістаў, яны могуць з дапамогай сучасных сродкаў перамясьціцца ў Бабруйск, атрымаць дозу гумару і вярнуцца да выкананьня абавязкаў», — гавораць пра прызначэньне праекту аўтары, якія сябе называюць «жыватнаводамі, скатаводамі і вэтэрынарамі».

Стваральнікі забаўляльнага рэсурсу ўпэўнены, што іх гумар зразумеюць толькі славяне. Магчыма, яны памыляюцца: апошні жарт на сайце прысьвечаны Майклу Джэксану, які прызнаў сваю віну і дамагаецца, каб яго адправілі ў калёнію для непаўналетніх.

Караценькі слоўнік «жывотнага»:

Албанец — не славянін.

Аффтар жжот — прызнаньне таленту.

Аффтар, выпей йаду — выказваньне сваёй антыпатыі.

Аццкий сотона — выказваньне рэспэкту (павагі).

Готично — прыгожа.

Креатифф — тэкст.

Нетбабланах — скончыліся грошы.

Ржунимагу — выяўленьне добрага настрою.

Ужаснах — выказваньне агіды.

Асалода быць жывотным

Зусім няма Чачэніі, карупцыі, сацыяльнага расслаеньня грамадзтва. Навошта парыцца? Калі можна «мачыцца міма ўнітазу» й «ташчыцца». Нарэшце можна рэалізаваць запаветную дзіцячую мару: мацюкнуцца пры настаўніцы. І двойку не паставяць, бо ня знойдуць. Спрэс псэўданімы.

Уявіць сабе Антона Луцкевіча, які гаворыць Магдалене Радзівіл «мы вас яшчэ разьясьнім», цяжка. Між тым сёньняшняя шарыкаўшчына-ўдаваўшчына — мода, што выйшла зь людзей прасунутых, цэнтравых, перасычаных жыцьцём. З цэнтру Масквы родам. І ўсё, што ляжыць за межамі «цэнтру», для іх — суць бабруйск і мухасранск.

Тым цікавей пачуць «голас бабруйску». Голас, захоплены фактам уласнай тэрытарыяльнай блізкасьці да месца, так папулярнага «ў самой Маскве». Ці мог бы ва Ўкраіне ці ў Літве зьявіцца сайт, кшталту менскага babrujsk.com? Мэханічна пераймаць правілы чужой гульні й ганарыцца найменьнем «жывотных» там не ў мэнталітэце. Хаця... Узьнікаюць жа й там філіі Нацыянал-бальшавіцкае партыі Расеі.

Толькі нацыянальныя рысы невынішчальныя. Цынізму і амаралкі ў «бабруйску» нашмат меней, чым на расейскім арыгінале «ўдаве». А ў цэлым — прэсны адпачынковы сайт «з нацяжкай». Іскры высякае хіба «гімн», варты оруэлаўскай зьверафэрмы:

Толпу полудиких животных бездомных

В объятья свои приняла Беларусь.

Да здравствует созданный скопом животных,

Вонючий, засратый зверями Бабруйск!

Зрэшты, ці можна удафф.ком назваць арыгіналам? У ангельскамоўнай частцы сьвету прапагандай маральных вартасьцяў «сапраўднага падонка» займаюцца коміксныя Бівіс з Батхэдам і герой кампутарнай гульні GTA San Andreas, вулічны бандыт і гвалтаўнік, вакол імаралізму якога зараз ідзе гарачая дыскусія ў ЗША. Так што тэза «бабруйчанаў» аб гумары, «зразумелым толькі славянам», крытыкі не вытрымлівае. Якім славянам? Ясна, што не харватам і не палякам, а насельнікам «адзінай культурнай прасторы». Акурат у гэтай культуры плодзяцца «бабруйскія жывотныя», якім, як пяецца ў гімне, «Лукашенко ... путь озарил». Гэта, як пісаў украінскі палітоляг Мікола Рабчук, цюлені, што спрабуюць гуляць па правілах леапарда. То бок мэханічна пераймаць непераймальнае — чужы нацыянальны сьветапогляд. Праз гэтыя акуляры ўласная краіна выглядае як «амеб и мутантов безмозглых оплот».

Інтэрнэт-дыялект

«Жы» і «шы» пішы праз «ы»! — заклікае «залатая» расейскамоўная моладзь.

Чаго толькі ня зробіць з мовай, нават самай вялікай і магутнай, малады супрацоўнік кампутарнай фірмы, які мае прорву вольнага офіснага часу, Інтэрнэт і зарад цынічнага гумару! Хто першы пачаў ужываць той дыялект? Можа, старт дала памылка друку? Ці павыляталі з галавы недавучаныя правілы?

У дыялекце яўна праглядаецца аканьне. Мо гэта бомба, падкладзеная беларускімі інтэрнэт-тэрарыстамі пад расейскую моўную культуру? Многія словы выраблены па знаёмым прынцыпе «як чуецца, так і пішацца». Але ёсьць і адваротнае — гіпэрбалізаваная імітацыя марфэмнага прынцыпу артаграфіі. Калі па-расейску правільна пісаць «корона», чаму б не напісаць «сотона»?

Лінгвіст Зьміцер Саўка кажа: такі слэнг мог зьявіцца як пратэст ва ўмовах строгай моўнай рэглямэнтацыі. У Беларусі два правапісы — і жаданьне ісьці супраць «наркамаўкі» рэалізуецца праз традыцыйную артаграфію. Выходзіць, удаваўскі дыялект — мова пратэсту, расейская «тарашкевіца»?

Адно што існуе яна выключна ў межах моўнай графікі. Пачытайце ўдаваўскія «пэрлы» ўголас — і ўся арыгінальнасьць зьнікне. Толькі мацюкі як былі, так і застануцца мацюкамі.

Алесь Кудрыцкі

Пістончык і ўдаф

Першым зь беларускіх карыстальнікаў слэнгу стаў малады літаратар пад псэўданімам Пістончык, які зьмяшчаў аповеды на сайце litara.net. Ён выкарыстоўваў і нецэнзурную лексыку, і пісаў словы транскрыпцыяй. Пістончык кажа, што ўласна й пачаў пісаць пад уплывам «падонкаў», але потым адмовіўся ад ускладненьня мовы. Праўда, пакінуў мат і спэцыфічны гумар.