Прыднястроўская Малдаўская РБ
02.09.2005 / 13:00
2 верасьня ў Тыраспалі будуць адзначаць 15-ты Дзень незалежнасьці. Але бізнэсмэнам «Шэрыфу», якія кантралююць прыднястоўскую эканоміку, становіцца цесна ў рамках непрызнанай ПМР. Яны мараць выйсьці на шырокі прастор, а дзеля гэтага патрэбны саюз з Малдовай у любым фармаце — канфэдэрацыя або фэдэрацыя.
Сястра-блізень
Парада адэптам рэжыму, што зьбіраюцца за мяжу. Каб пазьбегнуць цывілізацыйнага шоку, набывайце туры ў Прыднястроўе. Беларускіх наведнікаў Тыраспалю чакае сюрпрыз: сталіца непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі як дзьве кроплі вады падобна да сталіцы сёлетніх «Дажынак» — Слуцку. Будаўнікі фарсіруюць капітальны рамонт будынку вакзалу, іхныя калегі ў рэжыме цайтноту мосьцяць пліткай галоўную авэню гораду — Імя 25 кастрычніка. 2 верасьня тут будуць адзначаць Дзень незалежнасьці.
15 гадоў таму на хвалі пратэсту супраць мясцовага закону аб мовах Прыднястроўе дэ-факта стала асобнай краінай са сваім войскам, грашыма з выявай Суворава і нават гімнам, што сьпяваецца на матыў савецка-расейскага.
ПМР, або, як зьдзекліва называюць у Кішынёве, ПаМідоРыя, была створана за чатыры гады да прыходу да ўлады А.Лукашэнкі, які таксама абапіраўся на аналягічныя лёзунгі. Таму рэжым на левым беразе Днястра можна разглядаць і як футуралягічную праекцыю РБ — пагатоў алюзіі паміж ПМР і РБ не сканчаюцца на канстатацыі факту ідэйнай гармоніі лідэраў абодвух дзяржаўных фармацый.
Прыднястроўскі «бацька» — Ігар Сьмірноў — задоўга да беларускага адкарэктаваў канстытуцыю, атрымаўшы права балятавацца на найвышэйшы пост безьліч разоў. Расея амаль на халяву транспартуе сюды сыравіну. Як сьлед — гаспадарка квітнее, і Сьмірноў у кожным публічным выступе не губляе магчымасьці ўшчыкнуць свайго малдаўскага калегу Вароніна: «А ў нас на кухні газ, а ў вас?» І такой бяды, што ён вінны Маскве каля мільярда даляраў.
«Працы ў нас багата»
Актывісты няўрадавых арганізацый перад размовай з замежнікамі выключаюць мабільнікі, каб унікнуць праслухоўваньня супрацоўнікаў Міндзяржбясьпекі. Працы прыднястроўскім чэкістам хапае. Край жыве ў стане дыпляматычнай блякады. Таму галоўнай задачай нашчадкаў Дзяржынскага, калі меркаваць па прэсе, зьяўляецца перасьлед, пошук і дэпартацыя чыноўнікаў Міністэрства рэінтэграцыі Малдовы (МРМ).
Так, 3 жніўня злавілі чарговага Джэймза Бонда — Васіля Шова, дырэктара МРМ, які прабраўся на тыраспальскі стадыён, на матч кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовым «Шэрыфам» і бялградзкім «Партызанам». Але пільнае вока МДБ адфільтравала міністра ў натоўпе тыфозі. Шова дэпартавалі на правы бераг як «дэстабілізатара грамадзкай сытуацыі» за намер «зьнішчыць дзяржаўнасьць ПМР».
Зрэшты, тут ня ўсё так і мінорна. У мясцовым парлямэнце праціраюць штаны ажно два апазыцыйныя дэпутаты. Апусьцім тое, што апазыцыянэраў асабіста прызначыў Сьмірноў — каб захоўвалі імідж дэмакратыі. Вельмі падобна да сытуацыі з Гайдукевічам і Абрамавай.
Хоць адзіная незалежнае выданьне «Новая Газета» друкуецца ў Кішынёве, улады з большым тактам ставяцца да журналістаў. «Нячэсных» на «хімію» не адпраўляюць, а запрашаюць у «кантору», дзе за кубкам гарбаты пераканаўча даводзяць, што мясцовы клімат не пасуе іх здароўю. Мясцовы «Маркевіч» усё разумее і ціха зьяжджае ў Кішынёў або Адэсу.
Калі й застанецца ў яго непрыемны асадак ад прыднястроўскіх парадкаў, то хіба па дарозе ў эміграцыю. Кожны пераходны пункт у ПМР — асобны фэод. Яго сюзэрэн — памежны афіцэр, можа запатрабаваць 25 «суворыкаў», а можа проста прапусьціць, ад усяго сэрца перадаўшы прывітаньне беларускаму прэзыдэнту.
Імпэрыя «Шэрыфа»
Швэндаючыся па Дубасарах, паспрабаваў знайсьці хаця б адзін пабудаваны не за савецкім часам будынак. І знайшоў: новы супэрмаркет фірмы «Шэрыф».
«Рэспубліка Шэрыф» — другое, нефармальнае, імя ПМР. Кампанія, створаная пры ўдзеле сьмірноўскага клану, кантралюе амаль усе сэктары эканомікі.
Стаўленьне насельніцтва да манаполіі амбівалентнае. З аднаго боку, тутэйшыя ганарацца, што «шэрыфы» пабудавалі адзін з найбуйнейшых у Эўропе спартовых комплексаў. Зь іншага, не хаваюць люмпэнскіх інстынктаў: цэнтар Тыраспалю нагадвае пляцоўку пад карпаратыўную вечарыну: казіно «Шэрыф» падміргвае нэонавай рэклямай букмэкерскай канторы «Шэрыф».
Насамрэч карпарацыя — бомба запаволенага дзеяньня пад сучасны рэжым Сьмірнова.
Бізнэсмэнам «Шэрыфу» цесна ў рамках непрызнанай ПМР. Яны мараць выйсьці на шырокі прастор, а дзеля гэтага патрэбны саюз з Малдовай у любым фармаце — канфэдэрацыя або фэдэрацыя. Малдова згодна на такі плян, аднак Сьмірноў і Масква наўрад ці пагодзяцца.
Таму «Шэрыф» пачаў сваю гульню. Летась падчас выбараў у мясцовыя органы ўлады на фоне агульнай апатыі карпарацыя інвэставала грошы ў сваіх кандыдатаў. Сёньня гэтыя людзі кантралююць шмат мясцовых саветаў. Цяпер усе чакаюць сьнежаньскіх выбараў у парлямэнт. Згуляе «Шэрыф» зноў сваю партыю, — значыць, на выбарах прэзыдэнта ў 2006 г. паспрабуе прапіхнуць у прэзыдэнцкі фатэль свайго чалавека.
Той, хто пераможа ў схватцы за кіраўніцтва ПМР, атрымае незвычайны падарунак. У галоўную трыбуну, зь якой кіраўніцтва ПМР прымае 2 верасьня парады, у 1967 г. працоўныя замуравалі капсулу з пасланьнем да нашчадкаў, якую трэба дастаць акурат 7 лістапада 2017 г. Ніякай інтрыгі ў тэксьце пасланьня няма — гэта эпісталярнае пасланьне пра камунізм ды мір ва ўсім сьвеце.
Інтрыга палягае ў тым, хто праз 11 гадоў дастане тую капсулу. Сын Сьмірнова, сын дырэктара «Шэрыфа» альбо сын Вароніна.