Навіны культуры
07.10.2005 / 13:00
«Невядомая Беларусь» па-чэску
Чэскае выдавецтва «Dokoran» выдала зборнік эсэ «Невядомая Беларусь». Прадмову да зборніка напісаў Вацлаў Гавал. Выданьню паспрыяла чэская няўрадавая арганізацыя «Людзі ў нядолі». Апрача чэскага, маюць зьявіцца аналягічныя выданьні па-беларуску, па-польску, па-расейску. Сярод аўтараў — Васіль Быкаў, Уладзімер Арлоў, Сяргей Дубавец, Валер Булгакаў. Творы падзеленыя на тры блёкі — «Беларусь вачыма беларусаў», «Беларусь вачыма палякаў» і «Беларусь вачыма расейцаў».
Ідэя выданьня належыць А.Анціпенку й В.Акудовічу. Задача выданьня, на думку сп.Анціпенкі, — зьмяніць адмоўны імідж Беларусі ў сьвеце.
АШ
∎
Сьвята Агінскага над Вяльлёй
25 верасьня ў Залесьсі сьвяткавалі 240-я ўгодкі Міхала Клеафаса Агінскага. У капліцы Агінскіх прайшла імша ў гонар кампазытара й палітыка, выступалі музыкі. На беразе возера быў разгорнуты сьвяточны гандаль. Паўсюль было багата дзятвы, якая радавалася сонцу ды смачнаму марозіву.
Да сьвята з дапамогай Нацыянальнай камісіі UNESCO быў адкрыты інфармацыйны цэнтар у Залескай школе. Пры падтрымцы гэтай арганізацыі налета мае распачацца рэстаўрацыя сядзібы Агінскіх.
Дар’я Ліс, Залесьсе