Усевалад Сьцебурака

28.10.2005 / 13:00

Дзяды

Калі сыдуць мае дзяды,

зь зямлі адыдзе пакаленьне,

ў якога вырас на каленях,

пакіне на крыжах каменных

свае імёны і гады.

Калі сыдуць мае дзяды,

у тое ж самае імгненьне

уключыцца адлік забвеньня —

ці будзе мне ставаць цярпеньня

ў адведкі езьдзіць на клады?

Калі сыдуць мае дзяды,

адчуўшы сэнс у слове «страта»,

заўважу, як старэе тата,

якой пустой здаецца хата

бяз гукаў іхняе хады.

Калі сыдуць мае дзяды,

мяне таксама стане меней,

падоўжацца ад сьвечак цені

і падмацуюцца сумненьні,

што й я ужо не малады.