За якога Мілінкевіча вёска прагаласавала б
18.11.2005 / 13:00
За незалежнага кандыдата вяскоўцы прагаласуюць, толькі калі ён будзе мець канкрэтную і жыцьцёвую праграму.
Вяскоўцы — гэта ня толькі даяркі ды трактарысты. Гэта й настаўнікі, мэдработнікі, прадпрымальнікі, што маюць свае інтарэсы і погляды.
Калгасьнікі, якія амаль не чытаюць прэсы, нават дзяржаўнай, са страхам чакаюць перамен і ня бачаць альтэрнатывы існуючаму ладу, які дазваляе трошкі прынесьці з працы камбікорму, што паможа выгадаваць кабанчыка, каб потым заплаціць за «бясплатнае» навучаньне дзяцей. Яны баяцца, што прыйдзе нехта і ўсё парушыць. «Без Лукашэнкі мы даўно б паздыхалі з голаду, а так ён нам дае красьці і на сябе не забывае» — кажа мая суседка. Дзеці, гледзячы на бацькоў, гадуюцца згодна зь лёзунгам «Каб заўсёды жыць у шчасьці, трэба…». А ўсё ж людзі ня вырадкі. І большасьць была б рада бачыць альтэрнатыву дробным крадзяжам, легальны і добры заробак. Ніхто ня хоча быць аднойчы засьпетым на гарачым, страціць і без таго малааплатную працу.
Хто-ніхто марыць мець уласную зямельку.
Ня факт, што і калгаснае начальства ў захапленьні ад «адраджэньня вёскі» з усімі выдаткамі. Шмат хто з спэцыялістаў чакае зьмен у гаспадараньні. І хочуць самі вырашаць, што, дзе і калі сеяць ды каму і па якой цане прадаваць. Знаёмы аграном марыць пра нямецкую дысцыпліну: «Каб я мог звальняць усіх «сініх» ды занадта лянівых, то лепшага й не хацеў бы. Ну хіба яшчэ каб кепскія землі вывесьці з карыстаньня, не марнаваць паліва ды насеньне...»
Пра тое ж гавораць і вясковыя прадпрымальнікі. Гэтым толькі б спрасьціць працэдуру рэгістрацыі ды адрэгуляваць падатковую сыстэму, даць магчымасьць працаваць на сябе. Яны, як ніхто, чакаюць зьменаў. Большасьць за працай ня мае часу на палітыку ды газэты, затое ў гутарцы вясковыя камэрсанты, дый жыхары невялікіх гарадкоў, выяўляюць жывы інтарэс да палітычных падзей. Не канкрэтызуючы, хто ім замінае, просяць аб адным: «Абы нам не мяшалі ды падаткамі не душылі, а мы ўжо самі неяк пражывём».
Самы незайздросны лёс — у вясковай інтэлігенцыі. Настаўнікі, мэдыкі — заўсёдныя чальцы выбарчых камісій, і ім добра вядома, які лёс напаткаў выбары з рэфэрэндумам. Гэтым людзям у большасьці ня трэба нічога тлумачыць, усё яны разумеюць. Яны чакаюць, можа, без энтузіязму, перамен і сьвежых твараў у тэлевізары ды прэсе. Аднак той, каго яны чакаюць, мусіць запэўніць, што гэтым разам усё будзе інакш — празрыста і зразумела.
Настаўніцтва стамілася ад паказушнасьці і фармальнасьці навучальнага працэсу, засільля праверак, прымусовых суботнікаў ды падпісак на дзяржпрэсу. Яны хочуць спакойна працаваць і мець з гэтага годны заробак. «У панскай Польшчы, — кажа настаўнік гісторыі — з настаўнікам першым віталіся. І думаў ён толькі пра працу, не клапоцячыся пра агарод ды сьвіней».
Яшчэ вясковых жыхароў яднае адно — прага відовішчаў. Пэрманэнтных гулянак хапае: «дажынкі», сьвяты вёсак — а бібліятэкі з кіназалямі ў занападзе. «Раней арцісты часта езьдзілі, дык аж клуб ад людзей трашчаў. А цяпер няма нічога, толькі дзіскацекі гэтыя для маладых круцяць», — кажа старэнькая бабуля, якая ня гледзячы на гады ня страціла прагі да цікавостак. Моладзі застаецца сьпівацца на «гапатэках». А яна, моладзь, што прыйдзе галасаваць, хоча найперш жыць паўнавартасным жыцьцём, а не існаваць.