Мясніковіч будзе працаваць са спонсарамі беларускага цуду
10.12.2012 / 10:17
12 снежня прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч адправіцца ў Маскву на пасяджэнне Савета міністраў так званай «саюзнай дзяржавы». Чакаецца, што кіраўнік беларускага ўрада правядзе перамовы са сваім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым.
У 2012 годзе субсідыі Масквы беларускаму рэжыму праз зніжкі цэнаў на газ і нафту склалі каля 6 мільярдаў даляраў. Менавіта столькі склала розніца ў цэнах для суседніх Украіны, Літвы і, з другога боку, Беларусі. Гэта агромныя сродкі. Яны адпавядаюць прыкладна траціне беларускага бюджэту. За гэтыя грошы лукашэнкаўцы ўтрымліваюць самы моцны рэпрэсіўны апарат у рэгіёне. А таксама рэалізуюць сацыяльныя і інфраструктурныя праекты, каб утрымаць узровень падтрымкі насельніцтвам.
Расія ўжо гарантавала пастаўкі газу прыкладна па той самай цане, што і сёлета, і нават у большых абсягах. А вось з нафтай пакуль шмат няяснасцяў. Рэч у тым што Мінск не задаволіўся нафтавымі зніжкамі і яшчэ гнаў на рээкспарт расійскія растваральнікі. У выніку Масква лічыць, што яе бюджэту нанеслі шкоду на 1,5—2 мільярды даляраў. Грошы аселі на рахунках бізнэсоўцаў, звязаных з лукашэнкаўцамі. У адказ расійскі ўрад выказаў намер знізіць пастаўкі нафты на 2013-ы на аб'ём вывезеных у 2012-м растваральнікаў. Беларуская адміністрацыя спрабуе выбіць ранейшы аб'ём. Вось пра гэта і пойдзе гаворка ў часе візіту Мясніковіча.