Мікалая Дзядка перавялі ў магілёўскую турму

10.12.2012 / 16:38

Палітвязень Мікалай Дзядок знаходзіцца ў Магілёўскай «крытай» турме, паведаміў бацька Мікалая Дзядка Аляксандр.

«Інфармацыю пра тое, што мой сын знаходзіцца ў Магілёўскай турме, мне пацвердзілі і ў Дэпартаменце пакаранняў, і ў самой турме», — сказаў Аляксандр Дзядок.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4 гады зняволення за ўдзел у нападах на шэраг будынкаў у Мінску. Сваёй віны не прызнаў. 4 снежня Шклоўскі раённы суд на выязным пасяджэнні пастанавіў накіраваць Мікалая Дзядка ў «крытую» турму. Праваабаронцы Беларусі лічаць асуджэнне Мікалая Дзядка палітычна матываваным.

5 снежня суд Шклоўскага раёна пастанавіў адправіць Мікалая Дзядка ў турму як «злоснага парушальніка рэжыму».

У «крытых» турмах Беларусі ўжо ўтрымліваюць палітвязняў Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча і Яўгена Васьковіча.