Дзве з паловай гадзіны шукалі мінчука, які заблукаў у лесе пад Талачыном
13.12.2012 / 10:56
Дзве з паловай гадзіны міліцыянеры, супрацоўнікі МНС і егеры сёння ноччу шукалі ў Талачынскіх лясах мінчаніна.
Паведамленне пра заблукалага ў лесе каля вёскі Панькавічы Талачынскага раёна паступіла ў дзяжурную частку РАУС сёння ў 3.50 з Мінска.
Як аказалася, мужчына 1958 года нараджэння, які спяшаўся на пахаванне маці, сышоў з цягніка на станцыі Чырвоная Горка і накіраваўся праз лес у вёску Панькавічы, спадзеючыся скараціць дарогу.
Аднак знайсці летнія сцяжынкі ў заснежаным лесе было не пад сілу.
Праблукаўшы каля чатырох гадзін, ён патэлефанаваў жонцы ў Мінскі распавёў, што не можа знайсці дарогу. Жонка звязалася з Талачынскім РАУС. На пошукі скіраваліся супрацоўнікі міліцыі з вышуковым сабакам, супрацоўнікі МНС, былі прыцягнутыя егеры, дзве аўтамашыны. Сувязь з мужчынам падтрымлівалася з дапамогай мабільнага тэлефона.
На жаль, да гэтага часу ён ужо знясілеў і не мог ні распаліць вогнішча, ні ісці на сігналы машын, якія яму даваліся.Адшукаць яго ў заснежаным лесе ноччу людзям было няпроста — дапамог вышуковы сабака, які выйшаў на след і прывёў двух супрацоўнікаў міліцыі. У 06.30 мінчанін быў знойдзены.
Некалькі гадзін спатрэбілася міліцыянерам, каб даставіць мужчыну да бліжэйшага населенага пункта, куды выкліканая брыгада лекараў. Як паведамілі ў Талачынскім РАУС, зараз выратавальная аперацыя падыходзіць да завяршэння: лекары з хвіліны на хвіліну чакаюць пацярпелага і яго ратавальнікаў, каб аказаць ім неабходную дапамогу.