Васіль Сарочык пазнаў людзей, якія яго катавалі

13.12.2012 / 13:01

Ахоўнік мінскай аўтастаянкі Васіль Сарочык, збіты супрацоўнікамі міліцыі ў Ленінскім РУУС Мінска, прайшоў працэдуру апазнання падазраваных у катаванні.
Як паведаміў Васіль Сарочык, на апазнанне былі прапанаваныя чатыры чалавекі, сярод якіх ён пабачыў траіх, хто яго катаваў, і аднаго, хто не ўдзельнічаў у збіцці, але прысутнічаў у той дзень у Ленінскім РУУС.

Паводле Васіля Сарочыка, адзін з тых, хто яго збіваў, назваўся Алегам Жуком, яшчэ адзін — Раманам Бароўскім. Трэці адмовіўся называць сваё імя, але ўсе яны назвалі свае пасады і месца працы — следчыя Ленінскага РУУС Мінска.

Як паведаміў Васіль Сарочык, следчая Жанна Багданоўская — галоўная падазраваная ў збіцці — у працэдуры апазнання не ўдзельнічала.

Следчыя дзеянні праводзіць Следчы камітэт па горадзе Мінску ў рамках крымінальнай справы аб збіцці Васіля Сарочыка супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага РУУС Мінска. У праваахоўныя органы Васіль Сарочык звярнуўся пасля таго, як 14 лістапада яго некалькі гадзін збівалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў Ленінскім РУУС, змушаючы прызнацца ў шэрагу крадзяжоў.