«Чалавекам года» паводле Time стане Кім Чэн Ын?

Большасць чытачоў амерыканскага штотыднёвіка Time падчас анлайн-апытання абралі «Чалавекам года» лідара КНДР Кім Чэн Ына.

14.12.2012 / 09:47

Афіцыйна гэты тытул маладому паўночнакарэйскаму кіраўніку — ці каму-небудзь іншаму — часопіс прысудзіць на наступным тыдні.

Як адзначае Time, з тых часоў, як Кім Чэн Ын стаў кіраваць КНДР пасля смерці свайго бацькі Кім Чэн Іра летась, ён умацаваў свой кантроль над краінай, трапіў на вокладку самога Time (у лютым гэтага года) і нават быў названы «самым сэксуальным мужчынам года». Праўда, апошняе званне яму прысвоіла амерыканскае сатырычнае выданне The Onion.

За кіраўніка КНДР прагаласавалі каля 5,6 мільёна чалавек.

Амерыканскі сатырык і папулярны тэлевядучы Джон Сцюарт, які апынуўся на другім месцы, набраў 2,4 мільёна галасоў.

Time адзначае, што на такі высокі рэйтынг Кім Чэн Ына шмат у чым паўплывала кампанія, разгорнутая ягонымі прыхільнікамі ў Інтэрнэце.