Паўстанне Каліноўскага душылі з дапамогай паравозаў

У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі адкрылася выстава, прысвечаная 150-годдзю беларускай чыгункі.

14.12.2012 / 10:43

Падчас адкрыцця выставы.

Легендарную стужку «Міколка Паравоз» здымалі на гродзенскім вакзале (будынак не захаваўся).

Андрэй Вашкевіч на адкрыцці выставы.

Выстава «На гродзенскім пероне» у Старым Замку будзе дзейнічаць аж да красавіка. Нагадаем, акурат у 1862 г. праз Беларусь прайшла чыгуначная лінія Пецярбург-Варшава.

Сярод экспанатаў Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшый гісторыі музея, звяртае ўвагу на рэпрадукцыі першых здымкаў Гродна, зробленых у 1861 г. аўстрыйцам Антонам Рорбахам — на іх выяўлены працэс будаўніцтва чыгуначнага мосту на Нёмане. З цікавостак выставы варта таксама адзначыць старыя тэлеграфныя апараты, мапы ды ліхтары розных часоў, касцюмы чыгуначнікаў, макеты тэхнікі, у тым ліку знакамітых «сталыпінскіх вагонаў».

— Чыгунку будавалі напярэдадні Паўстання Каліноўскага. Гэта адыграла нейкую ролю?

Андрэй Вашкевіч: Будавалі яе французы, сярод іх былі прадстаўнікі мясцовай шляхты, што эмігравалі пасля паўстання 1830–31 г. І яны дзейнічалі:

Гродна ў выніку стаў станцыяй 4 класа (ніжэйшага), затое ў Парэччы, недалёка ад горада, была ўзведзеная станцыя 2-га класа. Рабілася гэта з мэтай аддаліць чыгуначны цэнтр ад адміністрацыйнага цэнтру расейскай улады — Гродна, і зрабіць Парэчча зборным пунктам паўстанцаў.

Знамянальнай для горада падзеяй быў і бой на Гродзенскім вакзале паўстанцкага атраду, які спрабаваў прарвацца ў Парэчча, захапіўшы паравоз. Наогул,

паўстанне 1863 г. было б не так лёгка здушыць, каб не чыгунка, якой расейцы мабільна перакідалі свае войскі.

— Архітэктура вакзалаў мела нейкі ідэалагічны сэнс?

АВ: Так, безумоўна. Гродзенскі вакзал будаваўся ў 1860-я ў стылі класіцызму — хутчэй адпаведна эстэтычным густам часу. А вось ужо вакзалы ў Брэсце або Баранавічах 1880-90-х — прыклады «псеўдарускага» стылю, абгрунтаванага ідэалагічна. Тое самае рабілі і палякі ў міжваенным часе, карыстаючыся неабарочнымі формамі «дамоў-фартэцаў» (вакзалы ў Мастах, Ражанцы, Наваельні).

З пункту гледжання захавання спадчыны варта было б звярнуць увагу на велізарную колькасць розных чыгуначных пабудоваў уздоўж шляхоў (будкі абыходчыкаў, дамы станцыённых дазорцаў), часта будаваныя ў стылі рускага мадэрну. Зараз яны на жаль актыўна знікаюць…

— Наогул, чыгуначнікі неяк вылучаліся з масы пралетарыяў?

АВ:

Чыгуначнікі заўжды былі самым «прасунутым» класам сярод рабочых, асобнай «кастай». Іх паважалі, яны мелі адукацыю —
«Міколка Паравоз» Міхася Лынькова усё гэта цудоўна ілюструе. Нават у савецкі час, пасля вайны, чыгуначнікі мелі сваю прыгожую форму, аркестр, ішлі асобнай калонай на дэманстрацыях — і гэта рабіла ўражанне.
Яны мелі глыбокае пачуццё прафесійнай супольнасці —
цяпер, на жаль, гэтага ўжо няма.

Алесь Кіркевіч