Віцебск: да прыезду Лукашэнкі ілюмінацыя, усё вычышчана

14.12.2012 / 12:06

Сёння мае адбыцца працоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Віцебск і Віцебскую вобласць. Да візітаў Лукашэнкі заўсёды старанна рыхтуюцца: фарбуюць капыты каровам, «вылізваюць» вуліцы, адстрэльваюць галубоў

Таццяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, расказала «НН» пра становішча ў горадзе напярэдадні візіту Лукашэнкі.

«Сама я там не была і не збіраюся. Але людзі, якія жывуць там, куды прыедзе Лукашэнка, кажуць, што ў раёне Домабудаўнічага камбіната, "Віцебскдрэва" паўсюль яркая ілюмінацыя, усё вычышчана, хоць гэта і ўскраіны, дзе снег прыбіраюць не так добра, як у цэнтры.

На кожным кроку міліцыянты. Як заўсёды: прыбрана, вычышчана, пафарбавана. Пацёмкінская вёска».

Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка валодае меншымі звесткамі, бо «Лукашэнка яго не цікавіць»: «Я сяджу дома з дачкой і не звяртаю на яго ўвагі».

Але Сяргей Каваленка таксама паведаміў пра пэўныя меры засцярогі з боку ўлады. «Жонка сказала, што з ранку ў двары „круцяцца“ нейкія незнаёмыя людзі», — кажа ён. Каваленка мяркуе, што прысутнасць незнаёмых можа быць звязаная з яго асобай і візітам Лукашэнкі.

КХ