Камуніст з Чыты заснаваў баявы атрад для змагання з беларускай апазіцыяй
14.12.2012 / 12:22
У сацыяльных сетках імкліва распаўсюджваецца відэа з удзелам камуніста з Чыты Міхаіла Вавілава, які абвесціў барацьбу беларускім апазіцыянерам.На фоне люстры альбо штораў ён запісвае відэазвароты да беларускага народа ці асабіста да некага з апазіцыянераў. Напрыклад, ён заклікаў Андрэя Саннікава прыехаць «да яго ў Чыту ды паспраборнічаць адзін на адзін на кулаках». Калі ж Саннікаў адхіліць такую прапанову, то Міхаіл Вавілаў просіць Саннікава даслаць грошы, каб ён мог прыехаць сам у Мінск.
Пры гэтым Вавілаў начапіў на твар чырвоную павязку, відаць, каб больш страшна было. Сваю прамову ён суправаджаў шматлікімі матамі.
У другім звароце да «камуністаў і патрыётаў» ён кажа, што «беларуская апазіцыя зусім абнаглела». Каб паставіць апанентаў Лукашэнкі на месца, Вавілаў заснаваў «Усебеларускі баявы камуністычны атрад імя Міхаіла Вавілава з Чыты».
Вядома, што такія ролікі інтэрнаўты хутка расцягваюць на дэматыватары і мемы.
Ад Чыты да Мінска — каля 7000 кіламетраў, горад Чыта знаходзіцца за возерам Байкал.