У Чыжоўцы дзве гадзіны лавілі бусла. Злавіў супрацоўнік МНС - фота

Птушка ўжо другі год лянуецца ляцець на поўдзень.

14.12.2012 / 13:29

Жыхары сталічнага мікрараёна Чыжоўка абарвалі тэлефоны МНС і зааабарончых арганізацый. Справа ў ў тым, што па вуліцы Убарэвіча ўжо не першы дзень шпацыруе бусел, які не паляцеў разам з суродзічамі ў вырай.

Мясцовыя жыхары асцерагаліся, што птушка можа загінуць, падкормлівалі яе, прыносячы ежу на цёплы каналізацыйны люк. Бусел прылятаў туды есці.

"13 снежня ў Чыжоўку прыехалі і ратавальнікі, і прадстаўнікі Таварыства аховы прыроды, і ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і ... пачалі ганяцца за буслом па ўсім наваколлі, - распавёў адзін з мясцовых жыхароў. -- Паглядзець на гэтую справу сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і рэпарцёры газет".

Прадстаўнікі Таварыства аховы прыроды і АПБ запэўнівалі, што птушка, мяркуючы па яе выгляду, пачуваецца добра, і,

хутчэй за ўсё, гэта той жа бусел, якога бачылі летась у іншай частцы горада, прычым пры моцных маразах: ён знайшоў спосаб выжывання зімой і лянуецца ляцець на поўдзень.

Аднак на ўсялякі выпадак - каб не даць птушцы замерзнуць і супакоіць мясцовых жыхароў - бусла ўсё ж спрабавалі злавіць. "Але птушка шчасліва сыходзіла ад пагоні на працягу дзвюх гадзін. Нарэшце, удзельнікі аперацыі страцілі надзею яе злавіць і сталі паволі раз'яжджацца".

"Раптам бусел зляцеў з даху і сеў метраў за дваццаць ад шляху, па якім ішлі ў роспачы прадстаўнікі СМІ, прыродаахоўных арганізацый і МНС ... работнік МНС адрэагаваў імгненна -- ён зняў свой бушлат і пайшоў у бок бусла"...

Пасля выратавальнікі адправіліся са злоўленай птушкай ў заапарк, дзе іх ужо чакалі.

Да надыходу цёплага перыяда бусла пасялілі ў спецыяльнае памяшканне. Там яго будуць карміць і даглядаць за ім, а ўвесну, хутчэй за ўсё, проста выпусцяць.
І гэта не выключае таго, што наступнай зімой зноў будзе зладжаная маштабная аперацыя па "выратаванні" птаха.