Гідраметэацэнтр: Такі снежны снежань у Беларусі назіраецца прыкладна раз у 15-20 гадоў
14.12.2012 / 14:17
Пра гэта паведаміла БелаПАН галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла Парашчук.За выхадныя вышыня снежнага покрыва ў Беларусі павялічыцца: у Мінску наблізіцца да 30 см, а ў сярэднім па краіне складзе ад 30 да 45 см, што вышэй за кліматычную норму.
«Такі снежны снежань назіраецца прыкладна адзін раз у 15–20 гадоў. Апошні раз такія паказчыкі былі зафіксаваны ў снежні 1998 года», — сказала Парашчук.
Сіноптык паведаміла, што ў выхадныя чакаецца ўзмацненне маразоў, моцны вецер і снежныя заносы. Беларусь, паводле яе слоў, стала «полем бітвы» паміж антыцыклонам, які рухаецца з усходу на захад, і цёплым паветрам, што цыркулюе з захаду на ўсход.
Кульмінацыя гэтай «бітвы» чакаецца 15–16 снежня: тэмпература паветра па рэспубліцы апусціцца да мінус 10 градусаў днём і да мінус 13 ноччу. Снегапады, пік якіх прыйдзецца на нядзелю, будуць суправаджацца моцным ветрам, што прывядзе да снежных заносаў, расказала Парашчук.Яна рэкамендавала вадзіцелям адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля без крайняй неабходнасці.
З пачатку наступнага тыдня ўплыў антыцыклона на тэрыторыі Беларусі ўзмоцніцца — гэта прывядзе да далейшага паніжэння тэмпературы.
На поўначы і паўночным усходзе краіны маразы дасягнуць мінус 20–25 градусаў. У Мінску тэмпература апусціцца да мінус 10–12, а ўжо да сярэдзіны тыдня складзе 18 градусаў марозу.«Гэта на 3–8 градусаў ніжэй, чым сярэднясутачная тэмпература ў снежні. Паводле папярэдняга прагнозу, марознае надвор’е прадоўжыцца да канца наступнага тыдня», — сказала Парашчук.