Брытанка ледзь не памёрла, калі клеткі дзіцяці з каляплоднымі водамі трапілі ў лёгкія

32-гадовая Энджэла Котэм ледзь не стала ахвярай рэдкага ўскладнення пры родах, якое сустракаецца ў адным выпадку з 80 тыс.

07.01.2013 / 16:49

Энджэла Котэм і дзве яе дачкі: Эмілі і Ава.

Энджэла, цяжарная двайнятамі, была дастаўлена ў бальніцу з прээклампсіяй (позні таксікоз цяжарных). Пры прээклампсіі развіваецца высокі ціск і ацёкі. Гэты стан вельмі небяспечны, таму медыкі вырашылі выклкікаць роды за пяць тыдняў да тэрміна, каб захаваць жыццё маці і дзвюх дзяўчынак. Роды прайшлі паспяхова, але пасля іх Энджэла стала ахвярай яшчэ цяжэйшага сіндрому — эмбаліі каляплодных водаў, паведамляе The Daily Mail.

Гэта рэдкае захворванне ўзнікае, калі каляплодныя воды пранікаюць у крываток маці.
Разам з вадкасцю ў кроў Энджэлы трапілі клеткі пазногцяў ці валасоў яе дзяцей. Іншародныя аб’екты дайшлі да лёгкіх і выклікалі моцную алергічную рэакцыю. Энджэла пачала задыхацца, а потым яе лёгкія перасталі працаваць. Больш за тое, кроў жанчыны перастала згортвацца і яна згубіла амаль чатыры літры крыві.
Медыкам спатрэбілася зрабіць 22 пераліванні за тры гадзіны, каб стабілізаваць стан Энджэлы, якая трапіла ў кому і прачнулася праз 12 гадзін.

Большасць медыкаў ніколі не сутыкаюцца з эмбаліяй каляплоднымі водамі, бо яна сустракаецца рэдка: паводле розных звестак ад аднаго выпадку да 80 тыс. родаў, і прычына ўзнікнення эмбаліі каляплоднымі водамі дакладна невядома, але часта яна ўзнікае ў жанчын, цяжарных двума ці больш дзецьмі, і ёй папярэднічае актыўная родавая дзейнасць.

Кірыла Хілько