На Раство мітр. Філарэт вітаў людзей: «Хрыстос уваскрос!» Гэта правільна?

09.01.2013 / 15:41

На Раство старыя людзі вітаюць адзін аднаго: «Хрыстос нарадзіўся!». А адказваюць: «Яго славім!» або «Бог аб’явіўся!» А вось знаёмыя ўсім словы «Хрыстос уваскрос!» у гэты дзень гучаць вельмі нечакана.

Аднак менавіта так звярнуўся да вернікаў мітрапаліт Філарэт 8 студзеня на сустрэчы з выхаванцамі дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, якая адбылася ў рамках праекта «Калядная ёлка — нашы дзеці». Дзеці дружна адказалі «Сапраўды ўваскрос!». Але многія ўсё адно падумалі, што адбылася нейкая памылка.

Прэс-сакратар Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення, протаіерэй Сяргей Лепін упэўнены, што ніякай памылкі ў словах мітрапаліта няма.

«Серафім Сароўскі хрыстасаваўся кожны дзень, незалежна ад часу года. Мітрапаліт, напэўна, ад лішку пачуццяў вырашыў павітаць людзей гэтым словам, хоць гэта не каляднае вітанне, — адзначае Сергій Лепін. — Часам так бывае: у хвіліну асаблівага захаплення людзі вітаюць адзін аднаго велікодным воклічам».