Нафтавы баланс на гэты год Беларусь і Расія абмяркуюць да канца лютага

24.01.2013 / 12:17

Расія і Беларусь абмяркуюць параметры нафтавага балансу на 2013 год да канца лютага, паведаміў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч журналістам 23 студзеня падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.

«Што тычыцца балансу да канца года, то мы дамовіліся абмеркаваць гэтую тэму да канца лютага», — цытуе Дварковіча РІА Новости.

Віцэ-прэм’ер нагадаў, што Расія і Беларусь ужо падпісалі баланс па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў на першы квартал гэтага года.

Беларусь разлічвае атрымаць 23 млн. тон расійскай нафты, Расія настойвае на пастаўцы 21 млн. тон. У 2012 годзе аб’ём пастаўленай нафты склаў прыблізна 21,5 млн. тон.

У першым квартале гэтага года Беларусь павінна атрымаць 5,75 млн. тон. «Пры ўмове працы беларускіх НПЗ у раўнамерным графіку загрузкі гэта лічба адпавядае неабходнаму аб’ёму, заяўленаму Беларуссю па пастаўках нафты на наступны год, — 23 млн. т», — паведаміла прэс-служба Савета міністраў Беларусі пасля падпісання балансу на першы квартал.