Міхалка і Вольскага вылучылі на афіцыйную прэмію «Брэнд года»

Журы конкурсу нечакана пашырыла спіс намінаваных на «Брэнд-персону года». Да таго на медаль і ганаровае званне прэтэндавалі толькі спартоўцы і поп-выканаўцы.

24.01.2013 / 15:10

За дзень да абвяшчэння вынікаў штогадовага конкурсу «Брэнд года» прафесійнае журы раптоўна пашырыла спіс намінантаў на «Брэнд-персону 2012».

Да вылучаных раней эстрадных артыстаў (Ларыса Грыбалёва, Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская ды Аляксандр Ціхановіч) і знакамітых спартоўцаў (Максім Мірны, Вікторыя Азаранка, Аляксандра Герасіменя) дадаліся пісьменнік Андрэй Жвалеўскі, лідар гурта J: Морс Уладзімір Пугач, лідар «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок ды франтмэн «Крамбамбулі» Лявон Вольскі.

Інфармацыю пра гэта ўскосна пацвердзілі Еўрарадыё некаторыя сябры журы конкурса.

«Брэнд-персона» — галоўная намінацыя конкурса «Брэнд года». У спісе леташніх намінантаў на сайце конкурса «брэнд-персоны» пералічаныя першымі.

Пераможцы будуць абвешчаныя 25 студзеня падчас заключнай цырымоніі конкурсу «Брэнд года 2012», якая пачнецца ў 17:00 у Нацыянальнай бібліятэцы.