У Аўстраліі знойдзенае велізарнае радовішча нафты

Аўстралійская кампанія сцвярджае, што знайшла радовішча сланцавай нафты з запасамі, якія патэнцыйна могуць паставіць Аўстралію па гэтым паказчыку ў адзін шэраг з Саудаўскай Аравіяй, аднак іх здабыча — складаная тэхнічная задача.

25.01.2013 / 09:59

Пра гэта паведамляе Russia Today.

Кампанія Linc Energy, якая базуецца ў Брысбене, прадставіла дзве ацэнкі аўтарытэтных незалежных кансультантаў: фірма DeGolyer and MacNaughton, якая спецыялізуецца на кансалтынгу ў нафтавай прамысловасці, ацэньвае патэнцыйныя запасы гаручых сланцаў у

басейне Аркарынга вакол горада Кубер-Педзі у 103 млрд барэляў, у той час як кансалтынгавая фірма Gustavson Associates ацэньвае іх у 233 млрд барэляў, што практычна супастаўна з пацверджанымі запасамі нафты ў Саудаўскай Аравіі (263 млрд барэляў). У той жа час DeGolyer and MacNaughton ацэньваюць запасы ў значна больш умераныя 3,5 млрд барэляў. У любым выпадку Аркарынга можа ўтрымліваць больш нафты, чым усе вядомыя на дадзены момант аўстралійскія радовішчы разам узятыя, і можа зрабіць Аўстралію цалкам энергетычна незалежнай.

«Колькі можна атрымаць — гэта заўсёды пытанне. Будзе гэта 3 мільярды барэляў або 203? Нават калі гэта 3 ці 4 мільярды барэляў — гэта вялікая знаходка ў гэтай частцы свету», — сказаў Reuters выканаўчы дырэктар Linc Energy Пітэр Бонд.

Нафта ў басейне Аркарынгі схаваная пад масіўным пластом сланцавых парод таўшчынёй 1–2 кіламетры. Як правіла, нафту са сланца здабываюць традыцыйным шляхам, калі сланец здрабняюць, і арганічныя рэчывы ў ім награваюцца ў дастатковай ступені для стварэння вадкай нафты. У Аркарынзе інжынеры знайшлі нафту ў кроплях, што азначае, што яна ўжо знаходзіцца ў вадкім стане і можа быць здабытая з дапамогай сучаснага метаду гідраразрыву пласта. У той жа час, у адрозненне ад ЗША, дзе гідраразрыў пласта шырока выкарыстоўваецца і ўвесь час таннее, у Аўстраліі выдаткі могуць быць нашмат вышэйшыя.