Бібліятэка адмовіла ТБМ у памяшканні для Беларускай дыктоўкі

Для дыктоўкі ў Баранавічах 2 лютага прыйдзецца шукаць іншае памяшканне.

25.01.2013 / 10:01

Сустрэчу з беларускім гісторыкам Анатолем Тарасам, якую Таварыства беларускай мовы планавала правесці 27 студзеня, былі вымушаны перанесці, паведамляе «Intex-press».

«Памяшканне бібліятэкі прызначана для бібліятэчнага абслугоўвання і правядзення мерапрыемстваў, запланаваных адміністрацыяй Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. У планах масавай работы ЦБС вашы мерапрыемствы не прадугледжаны», — быў атрыманы адказ адміністрацыі.

Як кажа старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца, дыктоўка ў любым выпадку адбудзецца, але арганізатары вымушаны будуць шукаць іншае месца правядзення.

Грамадскі дзеяч расказаў, што ў прадастаўленні памяшканняў бібліятэкі таварыству адмаўляюць ужо трэці год запар. «Адмовілі, калі прыязджаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, нават калі быў Адам Мальдзіс, які друкуецца ў „Советской Белоруссии“! У чалавека, катораму восемдзясят год, запатрабавалі нейкую даведку».

Сырыца лічыць, што аб’ектыўных прычын для таго, каб не выдзяляць таварыству памяшкання, няма: «Калі да нас прыязджаў былы міністр культуры Латушка, перад ім кіраўніцтва бібліятэкі хвалілася, што ў іх ёсць 50 памяшканняў. Мы згадзіліся б правесці сустрэчу ў любым з іх».