Мірны падняўся на шостае месца ў парным рэйтынгу АТП

29.01.2013 / 09:34

Максім Мірны падняўся з сёмага на шостае месца ў парным рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. Новы рэйтынг апублікаваны 28 студзеня пасля адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

Сёмы радок беларускі спартсмен займаў два з паловай месяцы — з 12 лістапада 2012 года. З 7 мая па 9 верасня ён быў першым, з 10 верасня па 21 кастрычніка — трэцім, з 22 кастрычніка па 4 лістапада — чацвёртым, з 5 па 11 лістапада — пятым.

Пасля няўдалага выступлення на Australian Open (разам з румынам Хорыяй Тэкау, які займае восьмае месца ў рэйтынгу, выбыў у другім крузе) Мірны страціў 630 ачкоў (стала 6.100). Яго апярэдзіў іспанец Марсэл Гранальерс, аднак беларусу ўдалося падняцца дзякуючы рэйтынгаваму падзенню індыйца Леандэра Паеса і чэха Радака Штэпанека, якія год таму выйгралі гэты турнір, а цяпер выбылі ў першым крузе.

Паводле звестак сайта АТП, на рахунку Мірнага ў парных матчах 606 перамог і 300 паражэнняў. За ўсю кар’еру ён зарабіў 10.333.973 долары ЗША, у тым ліку 16.564 — сёлета.