Два «Аўдзі» разбіты ўшчэнт, ад таго што адно з іх праязджала заварот на завялікай хуткасці

05.02.2013 / 11:36

Два літоўцы сутыкнуліся 31 студзеня ў Астравецкім раёне каля вёскі Варона.

Кіроўца «Аўдзі-100» не скінуў хуткасці перад невялікім закругленнем дарогі, паведамляе Алег Дук, старшы інспектар ДАІ Гродзенскага ГУУС. У выніку на мокрым асфальце яго павяло на другі бок дарогі. Кіроўца «Аўдзі-А4», бачачы, як на яго нясе сустрэчны аўтамабіль, стаў сыходзіць налева. Спрабаваў аб’ехаць яго па сустрэчцы.

Дзякуючы ягонай добрай рэакцыі машыны не сутыкнуліся лоб у лоб. Аднак і цалкам размінуцца не ўдалося, машыны стукнуліся правымі бакамі і іх развярнула ў зваротных кірунках. Кіроўцу «Аўдзі-100» і пасажыра з пярэдняга сядзення «Аўдзі-А4» давялося шпіталізаваць.

Дарэчы, пад абіўкай «Аўдзі-100» знайшлі пачкі цыгарэт. Відаць, жыхар Літвы падзарабляў кантрабандай.