Падчас апошняй імшы Папы прысутныя зладзілі Бенедыкту XVI авацыю

14.02.2013 / 09:10

На імшу ў саборы Святога Пятра ў Рыме сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Авацыя доўжылася некалькі хвілін. А прысутныя біскупы ў незвычайным жэсце знялі свае мітры. Некаторыя з прысутных плакалі. І сам Папа падаўся расчулены знакамі павагі да яго і ягонага кроку.

«Дзякуй. А зараз вернемся да малітвы», — сказаў пантыфік, працягваючы царкоўную службу з нагоды Папяльца, з якога каталікі распачынаюць Вялікі пост.

Раней у сераду на сваёй аўдыенцыі Бенедыкт XVI у першым выступе на публіцы пасля абвяшчэння пра адрачэнне падзякаваў вернікам за «любоў і малітвы» і папрасіў працягваць маліцца за яго і за Касцёл.

У панядзелак Бенедыкт XVI заявіў, што пакіне папскі пасад 28 лютага. Сваё рашэнне 85-гадовы пантыфік патлумачыў тым, што сілы і гады не дазваляюць яму больш «дакладна несці сваё служэнне». Канклаў плануе абраць новага Папу на пачатку сакавіка.

СГ