Асуджаны на тры гады за тое, што заявіў пра ўгон машыны

14.02.2013 / 10:02

Да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прыгавораны 28-гадовы жыхар Любанскага раёна.
Ён прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 400 КК (заведама лжывы данос).

Як паведаміла пракурор аддзела па наглядзе за адпаведнасцю закона судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Мінскай вобласці Юлія Ланеўская, у чэрвені 2012 года мужчына звярнуўся ў міліцыю з заявай аб крадзяжы яго аўтамабіля «Форд-Гелаксі». Аднак высветлілася, што гэта заведама лжывы данос. На самой справе гаспадар машыны ў нецвярозым стане ўчыніў ДТЗ і заявіў ад крадзяжы, каб пазбегнуць адказнасці і грашовага спагнання.

Прыгавор суда Любанскага раёна быў абвешчаны 18 снежня і 5 лютага набыў моц.