У Драгічынскім раёне на пажары выратавалі 87-гадовую жанчыну

18.02.2013 / 15:30

У вёсцы Ровіны Драгічынскага раёна двое відавочцаў выратавалі падчас пажару 87-гадовую жанчыну.

Як паведаміў прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, пажар у доме пажылой вяскоўкі, якая жыла адна, адбыўся днём 17 лютага.

Да прыбыцця да месца выкліку ратавальнікаў леснікі Драгічынскага лясгаса Васіль Піліпчук і Андрэй Казыня зайшлі ў задымлены дом, знайшлі 87-гадовую гаспадыню, якая сядзела на канапе, і вывелі на свежае паветра.

Мужчыны ехалі па вёсцы на асабістым аўтамабілі і ўбачылі, што з-пад даху дома ідзе моцны дым.

Пажар быў ліквідаваны падраздзяленнямі МНС за 1 гадзіну 13 хвілін. Агнём пашкоджаны дах, перакрыцце, сцены, маёмасць у доме. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

Гаспадыня дома не пацярпела. Яна будзе жыць у гэтай жа вёсцы ў сына.

Як адзначыў Машноў, з пачатку года ў вобласці відавочцамі выратавана падчас пажараў сем чалавек.