22 лютага — Akute, Паліна Рэспубліка, «Адыс Абеба» на прэміі Ultra-music
Рэдактары
22.02.2013 / 11:20
Вячаслаў Радзівонаў
Аляксандр Чарнуха
Уручэнне прэмііUltra-music .com адбудзецца 22 лютага ў клубе «Цэнтр». У канцэрце бяруць удзел: Akute, Паліна Рэспубліка, «Адыс Абеба», Plum Bum і Irdorath.
Напярэдадні карэспандэнт НН сустрэўся з рэдактарамі сайта
Вячаслаў Радзівонаў
Аляксандр Чарнуха
Вячаслаў Радзівонаў: Сайт існуе ўжо дзесяць год, насамрэч — першыя сем год гэта быў мой уласны блог з рэцэнзіямі. Я калісьці захапляўся расейскай версія часопіса NME, і мне хацелася стварыць нешта падобнае. І тры гады таму блог ператварыўся ў сайт — мне тады напісаў Саша, мы сустрэліся і вырашылі развіваць
Аляксандр Чарнуха: У нашай краіне, музыка ў заняпадзе. Нізкі ўзровень у таго, што гучыць на тэлебачанні, на большасці радыёстанцый. А цікавых гуртоў, насамрэч шмат, нават папулярных за мяжой і абсалютна невядомых на радзіме. Мы імкнёмся ў даступнай форме прэзентаваць іх.
Ці магчыма пры дапамозе сайта выцягнуць андэграўнд на паверхню?
АЧ: Вельмі цяжка. Мы не адзіны рэсурс такога кшталту, але тут патрэбна кансалідацыя сярод музыкаў і журналістаў. Трэба выйсці за рамкі дзвюх з паловай тысяч людзей, якія цікавяцца музыкай.
Сайт некамерцыйны: колькі чалавек у вас працуе, чаму яны пагадзіліся працаваць бясплатна?
ВР: У нас недзе дваццаць аўтараў, якія перыядычна пішуць на сайт. У асноўны час яго робім я, Саша, Жэня Лагуноўская. Мы штодня нешта робім для сайта. Астатнія пішуць час ад часу. У большасці выпадкаў, калі просіш кагосьці зрабіць матэрыял, ніхто не адмаўляе. Яны таксама любяць беларускую музыку, на гэтым усё трымаецца.
Якія крытэры існуюць для той музыкі, што з’яўляецца на сайце?
ВР: Адзінае абмежаванне — якасць запісу. Мы інфармацыйнае выданне, мусім паказваць розную музыку, а не толькі тую, якая падабаецца нам. Мы не даём ацэнак — проста прэзентуем. Тыя, каго мы запрасілі выступіць на прэміі, гэта частка нашых фаварытаў: каб паклікалі ўсіх, давялося б рабіць двухдзённы фестываль.
АЧ: У нас, на жаль з кантэксту, выпадае электронная і
Выходзіць за беларускія межы не збіраецеся?
АЧ: Калі нашы карэспандэнты выязджаюць у іншыя краіны, яны пішуць пра замежжа. У нас быў выдатны артыкул пра музыку Барселоны ў трох частках. Ці ёсць рубрыка «Прабел» Сяргея Качагара: ён піша пра музыку Конга і іншых афрыканскіх краін. Чытаюць слаба, але гэта, відаць, самае цікавае на нашым сайце — у рунэце інфармацыі пра гэтую музыку амаль няма, а аўтар разбіраецца ва ўсім, што адбываецца ад Конга да Малі, ад Намібіі да Свазіленда.
А якія самыя вялікія поспехі ў гісторыі сайта?
АЧ: Мы імкнемся рабіць цікавыя рубрыкі, але напаўняюцца яны нерэгулярна. Напрыклад, «Хатняе заданне» — калі нашыя журналісты ходзяць у госці да музыкаў. Людзям цікавей паглядзець, як гэты самы музыка жыве. Ці рубрыка «Не мая справа» — калі людзі, якія ніякага дачынення да музыкі не маюць, разважаюць пра яе. Ці вось сёння прэм’ера рубрыкі «Праслушка» — мы звяртаемся да людзей самых розных прафесій, каб яны прааналізавалі той ці іншы альбом. З захаваннем арфаграфіі і пунктуацыі. І ведаеце, атрымліваецца цікавей, чым калі тое самае робяць прафесіяналы.
А не было жадання стаць на «камерцыйныя рэйкі»?
ВР: Мы вельмі хочам, каб гэта прыносіла грошы, каб выйсці на наступны, прафесійны ўзровень. Але пакуль гэта цяжка. Натуральна, трэба каб праект быў цікавы рэкламадаўцам. Чаго ў нас ніколі не будзе, дык гэта артыкулаў на замову — гэта разбуральна і для журналістыкі, і для музыкі. А вось банэрамі мы цікавімся. Арганізатары канцэртаў яшчэ не гатовыя траціць грошы на такую рэкламу. У гэтай сферы не круціцца вялікіх грошай.
АЧ: У нас, калі справа даходзіць да грошай, адразу вочы па пяць капеек: не маем мы камерцыйнай хваткі. Ды і юрыдычна мы пакуль не маем магчымасці весці камерцыйную дзейнасць.
Але пры гэтым засноўваецца музычная прэмія…
ВР: Яна аплачваецца з уласнай кішэні. Спонсараў мы не знайшлі, хаця рэклама была б нядрэнная, таму працягваем рабіць прэмію за свой кошт.
АЧ: Летась, напрыклад, грошы «не адбіліся» — бо ў параўнанні з папярэднімі гадамі павялічыўся маштаб прэміі. І часу вельмі не хапае — у нас ва ўсіх ёсць сталая праца, а прэмія ствараецца ў вольны час. Але адмаўляцца ад яе мы не хочам, бо гэта ўжо стала традыцыяй.