МАГАТЭ: Іран усталяваў цэнтрыфугі новага пакалення

22.02.2013 / 09:16

Іран усталяваў цэнтрыфугі новага пакалення на ядзерным аб’екце ў Натанзе ў цэнтральнай частцы краіны. Новыя цэнтрыфугі IR-2m, якія замянілі больш раннюю мадэль R-1, дазволяць паскорыць працэс узбагачэння ўрану ў два-тры разы.

Ізраіль і яго заходнія саюзнікі непакояцца, што пад прыкрыццём праграмы «мірнага атаму» Тэгеран распрацоўвае ядзерную зброю. У Іране гэтыя абвінавачанні адвяргаюць.

23 студзеня Іран у лісце МАГАТЭ папярэдзіў, што плануе выкарыстаць новую мадэль цэнтрыфуг IR2m.

Газавыя цэнтрыфугі выкарыстоўваюць для ўзбагачэння ўрану ізатопам U-235 для атамнай энергетыкі і атамнага ўзбраення.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху сказаў, што новыя цэнтрыфугі дапамогуць на траціну скараціць час, неабходны Ірану, аднаму з найбольш лютых праціўнікаў Ізраіля на Блізкім Усходзе, для стварэння ядзернай бомбы.