Зарплаты: Беларусь у Еўропе трэцяя з канца — інфаграфіка
Беларусь уваходзіць у пяцёрку краін Еўропы з найменшым сярэднім заробкам.
25.02.2013 / 19:17
У студзені 2013 года сярэдні заробак у Беларусі склаў 4 368 023 рублі. Гэта 506 даляраў ці 383 еўра ў эквіваленце.Месяц таму беларусы атрымалі яшчэ больш, але то быў месяц прэмій і надбавак.
Што значацца нашыя 383 еўра ў кантынентальным маштабе? Мерыцца лічбамі з Германіяй ці Францыяй было б некарэктна.
Наша вагавая катэгорыя — былыя суседзі па сацыялістычным лагеры.Адрозненне іх ад «капіталістычнай» Еўропы лёгка адсачыць на прыкладзе суседніх Аўстрыі і Венгрыі, мяжа між якімі фактычна падзяляла «еўрапейскі» і «савецкі» лад. Пасля развалу СССР прайшло больш за дваццаць гадоў. Аўстрыйцы штомесяц зарабляюць 2400 еўра, венгры — ўтрая меней…
З нашчадкаў сацыялістычных краін здзейсніць скачок вышэй за галаву здолела зрабіць толькі Славенія. Сярэдні заробак у ёй ужо перавысіў 1600 еўра. Астатнія дзяржавы арыентуюцца на ўзровень 1000 еўра.
Каб даведацца дакладныя лічбы, мы адшукалі максімальна свежыя дадзеныя аб сярэднім заробку на сайтах статыстычных служб кожнай з краін. Параўнанне не можа лічыць цалкам карэктным — методыка і тэмпы працы ў розных краін свая. Па хуткасці Беларусь у лідарах — у нас ужо вядомы сярэдні заробак за студзень 2013 года. Напрыклад, у прыбалтыйскіх краінах яшчэ не падлічаны нават чацвёрты квартал 2012 года, а ў Літве штомесячная дынаміка змены заробкаў зусім не публікуецца, толькі квартальная. Апроч таго,
заробак указваецца да сплаты падаткаў, а ў кожнай краіне іх памер розніцца.
У нашым рэйтынгу Беларусь займае сярод еўрапейскіх краін трэцяе месца з канца — меншы заробак у Малдове (241 еўра) і ва Украіне (304 еўра).Дзесьці знізу боўтаецца яшчэ і няшчасная Албанія. Аднак афіцыйныя лічбы заробкаў у гэтай краіне папярэдні раз называліся ў… 2010 годзе, таму браць іх у разлік было б няслушна.
Прыблізна на адным узроўні з нашай краінай знаходзіцца Балгарыя. У гэтай самай беднай краіне Еўрасаюза ў снежні зараблялі 415 еўра. У студзені лічба крыху зменшыцца і можа зраўняцца з беларускай.
З адваротнага боку спісу знаходзяцца харваты, якія ўсё ж перайшлі мяжу ў 1000 еўра. Падступаецца да яе Чэхія (965), бачныя перспектывы і Расіі. Наш усходні сусед пакрысе перагнаў нават прыбалтыйскія краіны.Такі вялікі сярэдні заробак — 865 еўра — даюць перадусім Масква і багатыя прыроднымі рэсурсамі рэгіёны. Але некалькі гадоў таму расійцы нават пры высокіх цэнах на нафту істотна адставалі ад цэнтральнаеўрапейскіх краін. Цяпер вырваліся наперад.