У Беларусі пачалася паводка

У Гомельскай вобласці пачалася паводка.

25.02.2013 / 10:17

Па стане на 24 лютага ўзровень вады ў рацэ Прыпяць (у раёне гідрапаста вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна) дасягнуў 498 см, гэта ўсяго на два сантыметры ніжэй за небяспечны ўзровень у 500 см. Вада выйшла на пойму.

Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, паводкавымі водамі ракі Прыпяць адбылося падтапленне падворкаў у вёсцы Перароўскі Млынок (Петрыкаўскі раён). На рацэ Пціч, прытоку Прыпяці, у раёне гідрапаста вёскі Лучыцы Петрыкаўскага раёна ўзровень вады склаў 342 см і перавысіў небяспечную мяжу, якая складае 330 см, вада выйшла на пойму.

Каля вёскі Лучыцы падтоплена 100 метраў аўтадарогі Лучыцы — Хвойня (глыбіня 20—40 см). Праезд па гэтай дарозе магчымы толькі транспартам павышанай праходнасці. Жыццядзейнасць у вёсцы Хвойня не парушана.

У выпадку немагчымага праезду па гэтай аўтадарозе ёсць аб'язная дарога цераз вёску Колкі (14 км). Пагрозы жылым дамам, гаспадарчым пабудовам, адміністрацыйным будынкам няма.