У Егіпце з вышыні 300 метраў упаў паветраны шар з турыстамі: 19 чалавек загінулі

26.02.2013 / 10:49

Паветраны шар упаў у егіпецкім Луксоры на заходнім беразе Ніла.

Паводле ўдакладненых звестак Agence France-Presse, усяго ў кошыку паветранага шара знаходзіўся 21 чалавек. На борце аэрастата выбухнуў балон з газам, пасля чаго пачаўся пажар і шар зваліўся з вышыні 300 метраў.

Гендырэктар TEZ Tour Egypt удакладніў, што інцыдэнт адбыўся падчас палёту над Далінай Цароў. Паводле яго слоў, загінулі 19 чалавек, з іх адзін егіпцянін і 18 замежнікаў.

Паводле Agence France-Press, сярод загінулых -- грамадзяне Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і Кітая. NBC News удалося высветліць, што загінулі дзевяць кітайцаў, чатыры японцы, па двое брытанцаў і французаў. Нацыянальнасці яшчэ дваіх загінулых не называюцца.
Выжылі пілот і адзін турыст.

Прагулачныя палёты над храмам старажытнага горада карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў, якія наведваюць Луксор.