Віктар Шукеловіч. Маладафронтаўка вяртаецца

Апавяданне.

27.02.2013 / 09:15

Таня моцна схуднела, а пад вачыма ніяк не знікала чарната, што, здаецца, замацавалася там навек. Далікатная скура дзяўчыны яшчэ больш пабялела, а няпрошаная хваравітасць на яе твары змагалася з прыроджаным хараством. Прыгажосць пакуль не адступала.

* * *

Таня вярнулася дадому ў Мінск неяк нечакана.
Надвячоркам у сярэдзіне лета бацькі прывезлі яе машынаю з вёскі, дзе дзяўчына адпачывала ў бабулі. Ніхто тады ні з суседзяў, ні з сяброў сям’і не звярнуў увагі на яе прыезд, бо вядома — адпачынкі, лецішча, спякота… Толькі пазней, ужо пад восень, бабулі з лавачкі перад дзвярыма пад’езда шматпавярховіка распаўсюдзілі навіну, што Таню ў вёсцы згвалцілі.
— Нааддыхалася! Паехала чэсная, а вярнулася дзіравая,
— казала адна з вясковых мігрантак, што некалі пакінула роднае селішча, каб працаваць на сталічным заводзе.

— Гэта ад таго, што бацькі ў кулаку трымалі, нікуды не пускалі. Вырвалася, то і панесла дзяўчыну, — прапанавала сваю версію здарэння яе таварышка ў сінім злінялым халаце.

— Куды там не пускалі, — запярэчыла ёй суразмоўніца. — У паліціку лезла, на дэманстрацыі цягалася і каменне ў міліцыю шпурляла.

— Ты скажы, Сцяпанаўна, а бацькам якое гора… І вэрхал такі ўзнялі, у суды пайшлі, там хлопцаў ажно двух заарыштавалі. Трэ’ было цішком сядзець і не прызнавацца нікому, што сораму табе нарабілі. І хлопцам жыцці патрула, будуць у турмах гніць, і сама ў памыях выкачалася, — сакатала пенсіянерка.

— Твая праўда, Антонаўна, — пагадзілася з ёю каляжанка. — Каб нічога нікому не казала, то і не ведаў бы ніхто. А так і сама на малахольную выйшла, і людзям нашкодзіла, — цягнула гутарку бабуля.

* * *

Таню нібы ахутаў туман.
Яна амаль нічога не памятала з таго страшнага вечара. Дыскатэка ў вясковым клубе. Яе круціў у танцы Дзімка, хлапчук, што ёй падабаўся. Мігценне каляровага святла. Потныя і гарачыя целы. З Дзімкам яны выходзілі на паветра, гаманілі. За клубам сябры яе прыяцеля пусцілі па коле бутэльку «сэму». Яна таксама піла, бо хацела быць сваёй у гэтай кампаніі. У коле былі мясцовыя дзяўчаты, што прыкладаліся да бутэлькі часцей і даўжэй, чым яна. Таня не хацела, каб з яе дражніліся або палічылі ганарыстай гарадской фіфачкай. Пасля ўжо ўсё злілося. Зноў танцы, зноў бутэлька, зноў мігценні… Ёй зрабілася дрэнна, яна некуды ішла… Тады стужка абарвалася. Чарната. Тады на імгненне зноў — неба з зорамі, месяц, якія яна бачыла, бо ляжала спінаю на халоднай зямлі і траве, што ўжо пачынала рабіцца роснай. Нечыя потныя рукі клеіліся да яе цела пад сукенкай. Агіда і смурод, нехта наваліўся на яе ўсім целам, востры боль. Зноў чарната.

* * *

Пасля ўсяго Таня ўпала нібы ў пролубку цемры.
Ёй здавалася, што усе фарбы свету пабляклі, а ўсе гукі страцілі сваю звонкасць. Цішэй пачалі гаварыць нават бацькі — альбо іх словы проста страцілі сілу і падалі на падлогу мінскай кватэры, не далятаючы да яе вушэй. Нехта з бацькоў заўсёды быў пры ёй — баяліся, што можа сабе зрабіць нешта дрэннае. Ёй не перашкаджала прысутнасць мамы ці таты. Вялікія зялёныя вочы Тані нібы згаслі, у іх не адлюстроўвалася нічога, акрамя нейкай неахопнай бяздоннай глыбіні. Таня, здавалася, жыла ў тым глыбока схаваным свеце, на самым дне зеляніны вачэй, якая чым далей і глыбей, тым больш ператваралася ў чарнату.

Тані званілі сяброўкі, нешта расказвалі і пыталіся, нібы нічога не здарылася. Смяяліся ў слухаўку. Тэлепатычна яна бачыла іх усмешкі: белыя зубы і пульхныя губы, што блішчэлі, далікатна навільжаныя слінай. Хай сабе, думала яна. Усё прах: і яна сама, і сяброўкі, якія нібы шкадавалі Таню, але і цешыліся, што іх саміх абмінула бяда.

Тані званілі паплечнікі з моладзевай арганізацыі, дзе тая была актывісткай некалькі гадоў. Нагадвалі пра сябе даволі часта, заўсёды нешта кажучы пра помсту. Яна да канца не разабралася, хацелі помсціць тым, хто яе згвалціў, ці ёй самой. Яна толькі маўчала ў адказ. Звычайна першымі кідалі слухаўку тыя, хто тэлефанаваў. Тані было неяк ўсё роўна. Яе душу не краналі пагрозы.

Дзімка не званіў. Каб магла, яна б узненавідзела яго. Не дапамог, не абараніў, не выратаваў, а яна, дурніца, даверылася яму. Як цяпер памятала жывую тады думку: ну што можа здарыцца ад глытка самаробнага алкаголю, калі побач Дзімка? Калі б раптам нешта сталася, ён зацягнуў бы сяброўку дадому. Не, яна не хацела напівацца і нават не дапускала такой магчымасці — у яе была моцна развітая фантазія. Дзяўчо нават усміхнулася тады, калі ўявіла, як Дзімка нясе яе на руках па цёмнай сельскай вуліцы. А ў небе тады мігцелі зоры. Таня не ведала, што яны перасцерагалі яе.

Маладая мінчанка жыла цяпер крыху як робат. Механічна рабіла штодзённыя справы, не задумваючыся занадта пра будучыню і мінулае. Ёй цяжка было параўнаць сябе з той, ранейшай. Таня папярэдняя перастала яе хваляваць. Пачуццёвая летаргія? Апатыя эмоцыяў? Усё роўна, але без гэтага было б нашмат горш, думала яна, яшчэ глыбей сыходзячы ў свой уяўны свет, дзе панавалі ціша, супакой і адзінота.

У верасні пачаліся заняткі на другім курсе ўнівера. Таня наведвала лекцыі рэгулярна, натавала, аднак, на аўтамаце. Асабліва ні з кім не гаварыла, не чаплялася да выкладчыкаў з пытаннямі, як раней. Ёй было добра з сабою. Каб увесь свет знік, яна б таксама не бедавала. Вызубрыўшы без разумення, яна здала сесію. На зімовых вакацыях зрабіла адкрыццё — мінскі чыгуначны вакзал. Мітусня, натоўпы, торбы, шапікі з кнігамі і праваслаўнымі іконамі, скразнякі з беляшамі ды смажанкамі, шум, голас нібы з таго свету аб прыбылым цягніку і — яна. У натоўпах яна не бачыла людзей, у мітусні не заўважала нічога людскога, адчуваючы сябе адной і адпачываючы ў камфорце непатрэбнасці. Карцінка змянялася перад яе вачыма, бо штораз новыя цягнікі адвозілі баулы людзей, а Таня заставалася адна. Ёй ніхто не перашкаджаў. Парадаксальна, вакзал стаў для яе своеасаблівай пустыняй, часткай свету яе зялёных вачэй.

У лютым, калі зноў пачаліся заняткі на філфаку, яна дазваляла сабе прагульваць пары і цэлымі гадзінамі праседжвала ў адным з крэслаў на вакзале. Часамі прыходзіла сюды пасля параў і на выходных, кажучы маме, што пайшла ў краму ці ў кіно.

Аднойчы з задумення, ці «нірваны», як Таня часам называла свой стан, яе вырваў хрыпаты голас.

— Красавіца, можна прысесці? — прадундосіў нехта побач.

Таня машынальна павярнула галаву на голас. Патыхнула смуродам нямытага цела, мачою, перагарам… Перад ёй стаяла нешта шэрае: не то чалавек, не то згустак бруду. Таня нават не паморшчылася, толькі кіўнула. Шэрае воблака, нібы кандэнсат смуродлівых газаў, апусцілася на сядзенне побач з дзяўчынаю.

— Можа, у цябе тысяча найдзёцца? — прамовіла стварэнне.

Таня пачала ўставаць, каб уцячы. Яна не назаляла нікому і не хацела, каб нехта перашкаджаў ёй.

— Прабачце, калі ласка. Я спяшаюся, мне трэба ўжо ісці, — сказала яна ветлівымі словамі, але роўным голасам.

— О, ты па-беларуску гаворыш, — зачмякала ротам істота. — Я таксама некалі гаварыла, пісала нават… Цяпер бамжую, — уздыхнула, як выявілася, жанчына-бомж.

Па распухлым карычневым твары нельга было адразу зразумець, да якога полу належыць гэты апрануты ў шкумяццё прадстаўнік чалавечага роду. Жабрацтва прыбіла яе, а нядоля змусіла саму засумнявацца, ці чалавек яна яшчэ.

— Вершы пісалі? — нечакана для самой сябе запыталася Таня.

— Не, этыкеткі ў краме падпісвала. Я прадавачкай працавала, — адказала бамжыха. — Дай на хлеб, зеленавокая, — лісліва звярнулася да студэнткі бяздомніца.

Дзяўчына палезла ў кашалёк і выцягнула адтуль некалькі скамечаных паперак. Усунула жабрачцы ў далонь і паднялася, каб пайсці.

— Пачакай, — ад бамжыхі непрыемна несла на 3 метры кругом. — На хлеб ты дала, а дай на віно! — нахабна папрасіла яна.

Таня, не павёўшы вокам, наставіла каўнер і сабралася бегчы, але яе бяздольная таварышка прыўзнялася і прытрымала за рукаў.

— Сонейка, зязюленька, з раніцы калачуся… Калі не пахмялюся, дубу дам, мутарна дужа, — маліла яна дзяўчыну.

Таня цярпліва чакала, калі бамжыха адпусціць яе рукаў. Скручаная, згорбленая, жабрачка адной рукой зашамацела ў кішэні сваёй бруднай апранахі.

— Вазьмі, я знайшла, ляжаў на падлозе, а табе магу прадаць, дай толькі на віно, — жабрачка расціснула карычневы кулак. На далоні блішчэў невялічкі бел-чырвона-белы значак. — Бяры, ён табе больш спатрэбіцца.

Таня не вагаючыся адкрыла кашалёк, згрэбла ўсе банкноты разам з чэкамі «Беларусбанка» і рахункамі з універсама, не гледзячы нават, колькі мае, і аддала бяздомніцы. Тая паклала ў даланю дзяўчыны значак. Палюбаваўшыся ім хвілю, Таня паспяшалася дамоў.

Дома бацькоў не было.
Яны ўжо не пільнавалі дзяўчыну дзень і ноч. Таня зрабіла сабе кавы. Прысела на кухні з гарачым кубкам, захапіўшы на кухню бел-чырвона-белы падарунак бяздомніцы. Кава была без водару і смаку, а значак меў нешта, што прываблівала позірк. Выпіўшы каву, Таня схавала значак у шуфляду. У ванным пакоі яна збіралася толькі памыць рукі. Глянула ў люстэрка над умывальнікам: чорна пад вачыма, нос завастрыўся і выцягнуўся, вушы адтапырыліся, а губы патрэскалі. Яна была жудаснай. Скінула блузку: у люстэрку была не дзяўчына, а жэрдка, мышцы на руках адрузлі, а ключыцы выпіралі, як дугі. Таня адчыніла насценную шафку: татава пена для галення, маміны таблеткі, цюбік з пастай, шчоткі, манікюрныя нажніцы…
Неяк бяздумна яна ўзяла нажнічкі і адным вострым канцом правяла сабе ўпоперак запясця.
Упоперак — няправільна, згадала яна. Трэба ўздоўж жылы — тады крыві не спыніць. Можна легчы ў ванну з вадой, тады нічога не адчуеш. Яна ўжо шукала вачыма жылу, але зірнула на нанесеную рану: на белай скуры, пакалечанай нажніцамі, праступіла чырвоная паласа густой крыві. Бел-чырвоная бель, як значак. Таня рэзка пусціла ў кране халодную ваду, падставіла пад яе запясце, абмыла, з аптэчкі дастала перакіс вадароду, лінула на рану і забінтавала.

— Што гэта я зрабіць хацела, дурніца! — аблаяла сябе дзяўчына. — Нічога, зіма яшчэ не скончылася, пахаджу з доўгімі рукавамі, — знайшлася, як схаваць сваю забінтаваную слабасць.

Назаўтра была нядзеля.
Паснедаўшы, Таня чытала і ўпершыню за працяглы час рабіла гэта не аўтаматычна, а з задавальненнем. Кузьма Чорны, на яе думку, пісаў выдатна. У дзвярох дзілінькнула, але Таня заглыбілася ў кнігу. Маці асцярожна пастукала ў яе дзверы.

— Танечка, выйдзі, да цябе прыйшлі, — сказала мама ў прачыненыя дзверы.

Дзяўчына яшчэ больш нацягнула на рукі рукавы блакітнага швэдра і выйшла ў пярэдні пакой. Там, як бедны родзіч, стаяў вясковы рыцар Дзімка і збянтэжана азіраўся. У руках ён трымаў торт і бел-чырвона-белы букет з трох ружаў, перавязаны бел-чырвона-белай стужкай, якую Таня некалі насіла ў косах і забыла ў бабулінай вёсцы. Дзімка глядзеў неяк няўпэўнена, спадылба, мусіць, саромеўся.

— Праходзь ужо, раз прыехаў, — запрасіла яго Таня.

Працяг. Пачатак тут: Маладафронтаўка.

{POLL#15}

Віктар Шукеловіч, Жупраны