Беларуская ваенная дэлегацыя паехала ў В'етнам

27.02.2013 / 09:48

З 26 лютага па 1 сакавіка дэлегацыя ваенна-навуковага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл і Навукова-даследчага інстытута УС Беларусі на чале з намеснікам начальніка Генштаба па навуковай рабоце Алегам Крываносам знаходзіцца з візітам у В’етнаме.

Як паведаміла прэс-служба беларускага абароннага ведамства, запланаваны сустрэчы членаў дэлегацыі з прадстаўнікамі Міністэрства нацыянальнай абароны СРВ, у тым ліку з кіраўніцтвам дэпартаментаў навукі, тэхналогіі і навакольнага асяроддзя, баявых аперацый, радыёэлектроннай барацьбы, ваеннага палітычнага навучання, а таксама камандаванняў відаў і радоў войскаў, ваенных навучальных устаноў.

У ходзе рабочых сустрэч бакі абмяркуюць пытанні будаўніцтва і развіцця нацыянальных узброеных сіл, тэорыі ваеннага майстэрства і ваеннай навукі, выпрацоўкі канцэптуальных, праграмных і статутных дакументаў, распрацоўкі сучасных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі з выкарыстаннем апошніх дасягненняў у галіне электронікі і праграмавання.