Кралі нават на рэканструкцыі будынка Следчага камітэта

Упраўленне Следчага камітэта па Мiнску распачало крымінальную справу па фактах крадзяжу бетону.

27.02.2013 / 09:52

У студзені 2012 кіраўнік Беларусі сваім распараджэннем бязвыплатна перадаў будынак філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, размешчаны на вул. Фрунзе, 19 у Мінску, у аператыўнае кіраванне Следчага камітэта. Акрамя таго, з бюджэту было выдзелена 18,7 млрд рублёў на правядзенне рэканструкцыі гістарычнага будынка.

Падчас рэканструкцыі, якая ішла ўвесь 2012 год, быў цалкам абноўлены фасад будынка і ўнутраныя памяшканні. Акрамя таго, навакольная тэрыторыя таксама была прыведзеная ў належны выгляд. Прычым грошай на гэта не пашкадавалі, бо нават аснову для агароджы зрабілі з дарагіх матэрыялаў, у стылі сталінскага мармуру.

Вынік атрымаўся ўражлівым. Фактычна сёння будынак Следчага камітэта стаў самым манументальным сярод будынкаў сілавікоў, пераплюнуўшы ў гэтым плане нават КДБ.

Нягледзячы на тое, што рэканструкцыя ўжо практычна завершаная, гэта зусім не значыць, што яна праведзеная якасна. Як высветлілася, падчас рэканструкцыі частка бетону, які прызначаўся для выканання будаўнічых работ на аб’екце, проста не даходзіла да яго. Паводле папярэдніх дадзеных следства, будаўнічыя працы на аб’екце праводзіліся сіламі СУ-26 ААТ «Будтрэст № 4», а бетон ім пастаўляла кампанія СТАА «Кубітэк», якая мае ў Мінску два растворабетонныя вузлы і парк тэхнікі для транспартавання раствору. У якасці падазраваных па справе аб крадзяжы бетону цяпер праходзяць сем чалавек, прычым працаўнікі як СТАА «Кубітэк», так і СУ-26 ААТ «Будтрэст № 4». Ім інкрымінаванае здзяйсненне злачынства па ч.4 арт.211 Крымінальнага кодэкса Беларусі (прысваенне або растрата, здзейсненыя арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

На думку следства, усе сем падазраваных дзейнічалі ў складзе арганізаванай злачыннай групы і цягам трох месяцаў бесперашкодна везлі машыны з бетонам «налева», прадаючы іх прыватным асобам за наяўны разлік. Чаму тры месяцы ніхто не бачыў, што на аб’ект не дастаўляецца бетон, і як яго потым спісвалі — пытанні, якія яшчэ трэба будзе высветліць следству. Але цікава іншае.

Выявілі крадзеж зусім не тыя асобы, якія павінныя былі за гэтым сачыць. Яны якраз і не бачылі, што нейкая колькасць бетону (цэлыя машыны) проста не завозіцца на аб’ект. Крадзеж выявілі супрацоўнікі ДАІ, якія спынілі адну з машын, што везла раствор не на будаўнічы аб’ект, а прыватнаму заказчыку. Толькі пасля гэтага і раскрылася ўся схема.