На «Пінскдрэў» загарэлася бракаваная прадукцыя: рабочы атрымаў апёкі

На тэрыторыі запалкавай фабрыкі філіяла ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" днём 26 лютага атрымаў апёкі рабочы.

27.02.2013 / 12:10

Як паведаміў прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, гэта адбылося, калі 20-гадовы аператар каробканабівачнай машыны выносіў з цэха бракаваную прадукцыю.

Рабочы атрымаў апёкі 1-3-й ступеняў твару і шыі (3% паверхні цела) і шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне Пінскай гарадской бальніцы.

«Мяркуемая прычына здарэння — самаадвольнае ўзгаранне бракаваных запалак, — дапоўніў Машноў. — Узгаранне адзення на пацярпелым ліквідавана работнікамі прадпрыемства. Гарэнне на канструкцыі будынкаў не распаўсюдзілася».

Падраздзяленні МНС не выклікаліся.