Анатоль Ярмоленка: Алеся не з’язджала з Беларусі

Муж спявачкі працуе ў Вене, а яна яго наведвае.

27.02.2013 / 15:54

Фота з афіцыйнай старонкі спявачкі ў фэйсбуку.

У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што спявачка Алеся з’ехала жыць у Аўстрыю разам з мужам і сынам Анатолем.
Нібы гэта адбылося яшчэ ў жніўні. Тое самае пацвердзіў і першы муж Алесі ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».

Аднак інфармацыю пра пераезд Алесі абвяргае бацька спявачкі — кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка.

«Гэта фантазіі журналістаў. — кажа сп. Анатоль. — Рэч у тым, што муж Алесі зараз працуе ў Аўстрыі. Ён паехаў туды на год, а Алеся жыве ў Беларусі, ездзіць на канцэрты з намі. Часам, калі ў яе з’яўляецца магчымасць, яна лётае да мужа».

Што тычыцца Анатоля (сына Алесі, таксама музыкі), то і ён жыве ў Беларусі.

«Анатоля туды вазілі, каб ён мог узяць пару ўрокаў у кансерваторыі, бо ён піяніст. — кажа спадар Ярмоленка. — А пісаць, што яна з’ехала, дык я сёння выступаю ў Маскве, заўтра яшчэ дзе-небудзь, дык і пра мяне можна пісаць, што я кудысьці з’ехаў».

Юрась Ускоў