Палац культуры МТЗ адмовіў у памяшканні для імпрэзы на Дзень Волі

07.03.2013 / 13:36

У лісце дырэктара «Культсэрвіс» МТЗ Уладзіміра Кіруты на імя старшыні Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча паведамляецца, што на запрошаную ў арэнду дату, 24 сакавіка, у Палацы культуры запланавана культурна-відовішчнае мерапрыемства.

На думку першага намесніка старшыні Руху «За Сабоду» Юрася Губарэвіча агучаная ў лісце прычына надуманая.

«Вельмі дзіўна выглядае спасылка дырэктара на правядзенне мерапрыемстваў у заяўлены намі дзень. Такі адказ яны далі толькі пасля таго, як прайшло больш за тры тыдні з моманту падачы заяўкі. Больш затое, у папярэдняй размове, якая адбылася тыдзень таму, ніякай прычыны верагоднай адмовы ў сувязі з мерапрыемствам не было агучана. Наадварот, дырэкцыя нам параіла звяртацца ў Мінгарвыканкам для „узгаднення правядзення мерапрыемства“. Гэта значыць, што яны разглядалі магчымасць прадастаўлення памяшкання пасля ўзгаднення з мінскім іўладамі», — каментуе сітуацыю Юрась Губарэвіч.

Палітык дадае, што Рух «За Свабоду» накіроўваў заяўку не толькі ў Палац культуры МТЗ, але таксама і ў Мінгарвыканкам. Адказу на яе яшчэ няма.

«Практыка паказвае, што бываюць выпадкі, калі арэндадаўца мяняе свае „планы“, калі Мінгарвыканкам дае дазвол. Канчатковую кропку ставіць у гэтай справе рана», — зазначае Юрась Губарэвіч.