«Ваўкі-ваўкалакі»

Няўцямны трэш са стралянінай

Бабулька, страляй яшчэ! Толькі бяз гэтага рэжысэра!..

04.08.2007 / 08:06

Ваўкі-ваўкалакі / Носьбіты скуры (Skinwalkers)
ЗША, 2006, каляровы, 110 хв.
Рэжысэр: Джэймз Айсак
Ролі выконваюць: Джэйсан Бэр, Эліас Котэас, Рона Мітра, Кім Коўтс, Натасьсія Мальтэ, Мэцью Найт, Сара Картэр, Том Джэксан
Жанр: Ваўкалачны фільм жахаў
Адзнака: 1,5 (з 10)

Цімаці, якому неўзабаве будзе 13 год, можа пакласьці канец праклёну, што вісіць над ягоным родам. Усе сваякі хлопчыка, за выняткам маці, ваўкалакі, якія мараць пазбавіцца сваёй зьвярынай існасьці. Але другая групоўка ваўкалакаў не жадае, каб прароцтва зьдзейсьнілася. Яны перасьледуюць сям’ю героя, каб забіць дзіця і без перашкодаў губіць людзей…

Джэймз Айсак ("Джэйсан Х") - вучань і супрацоўнік Дэйвіда Кронэнбэрга. Але "Ваўкі-ваўкалакі" – няўцямны трэш, які выпадкова трапіў на вялікі экран. Дурацкі сюжэт з благой акторскай гульнёй і мэлядрамным татай-сабакам (!), панакрадзеныя штампы з чужых фільмаў. І, што зусім ганебна, нізкаякасны грым - калі ваўкалакі нагадваюць падфарбаваных гарылаў (а калісьці Айсак рабіў адмысловыя эфэкты для "Экзыстэнцыі"...)

Ваўкалакі ня столькі кусаюцца, колькі ганяюць на матацыклах (цяжкія наступсты “Бесклапотнага ездака”), іхняя зброя ня іклы, а рэвальвэры (!), а страляніна ў мястэчку – паклёп на шматлікія вэстэрны. Бабулька-ваўкалачыха з наганам (!!), якую ніяк не заб’юць (!!!), магла бы стаць гераіняй культавага кіно, але Джэймз Айсак для гэтага занадта сур’ёзны.

Бабулька, страляй яшчэ! Толькі бяз гэтага рэжысэра!!...

Кронэнбэрг, і чаму вы не даглядзелі за вучнем?

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы