Лукашэнка: Спісання крэдытаў сельгасарганізацыям не будзе

12.03.2013 / 09:18

Спісання крэдытаў сельскагаспадарчым арганізацыям не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка, прымаючы з дакладам намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

«Самае галоўнае — гэта пытанні эфектыўнай працы, прыбытковасці, грошай. Я хачу цалкам бясспрэчна яшчэ раз пацвердзіць, што спісання крэдытаў не будзе!» — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, больш за 30% сельскагаспадарчых арганізацый дэманструюць добрыя паказчыкі працы. «Дзесьці крыху больш за 30% прадпрыемстваў могуць добра працаваць, калі іх падштурхнуць, правесці там адпаведныя мерапрыемствы, крыху дапамагчы. Але ёсць яшчэ 20–25% арганізацый, якімі трэба сур’ёзна займацца і штосьці ў гэтым плане рабіць», — сказаў Лукашэнка.

«Я лічу, што ў сельскай гаспадарцы яшчэ маса рэзерваў. І галоўнае — гэта кадры: кіраўнікі, спецыялісты, сяляне.
Там, дзе ёсць жаданне працаваць, дзе нацэлены на працу, там ёсць вынік. Там, дзе няма нармальнага кіраўніцтва, спецыялістаў, там і людзі працуюць слаба. Ты ім колькі не давай грошай, усё марна», — адзначыў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што сёння Беларусь у асноўным забяспечвае свае патрэбы ў сельскагаспадарчай прадукцыі і частку экспартуе. «Таму астатнім, гультаям і тым, якія не могуць нармальна працаваць з-за іншых прычын, трэба ўжо думаць аб тым, як працаваць нармальна, каб выжыць. Гэта ўжо не тыя часы, калі ў нас хлеба не хапала і соль заканчвалася», — сказаў ён.

Чыноўнікі праінфармавалі Лукашэнку аб ходзе рэалізацыі дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011–2015 гады, перадае прэс-служба.

«Было адзначана, што ў сельскай гаспадарцы за апошнія 12 гадоў праведзена вялікая праца: створана моцная база, значна павялічаны вынікі па валавой вытворчасці, якасных параметрах, праведзены тэхнічнае пераўзбраенне сельгаспрадпрыемстваў, мадэрнізацыя вёскі. У 2013–2014 гадах будзе завершана праца па рэканструкцыі малочна-таварных ферм, будаўніцтве шэрагу буйных свінагадоўчых комплексаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Наступным крокам з’яўляецца вывад на ўстойлівую працу тых прадпрыемстваў, якія сёння дэманструюць не лепшыя паказчыкі».

Найбліжэйшым часам плануецца правесці рэспубліканскі сход актыву работнікаў аграрнай галіны,

дзе будуць прапанаваны новыя эканамічныя падыходы, што тычацца матывацыі працы, інтэграваных паказчыкаў развіцця, зніжэння сабекошту прадукцыі і павышэння яе канкурэнтаздольнасці.

Лукашэнка нагадаў пра сваё патрабаванне навядзення жорсткага парадку, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, эфектыўнай працы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў.

На сустрэчы ішла размова таксама аб падрыхтоўцы да вясновых палявых работ, паведамляе прэс-служба.