Сустрэча ў Пецярбурзе набліжаецца, а дамоўленасці па нафце ўсё няма

Беларускае пасольства ў Маскве не паведаміла аб прарыве на перамовах Сямашкі з Дварковічам 11 сакавіка.

12.03.2013 / 11:50

11 сакавіка ў Маскве прайшла планавая сустрэча першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі і віцэ-прэм’ера Расеі Аркадзя Дварковіча.

«У цэнтры ўвагі быў шырокі спектр пытанняў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ў энергетычнай сферы, перспектывы развіцця кааперацыі і сумесных праектаў у прамысловасці», — расплывіста паведамляе прэс-служба пасольства Беларусі ў Расіі.

Нічога не гаворыцца, аднак, пра дасягненне дамоўленасцяў пра нафтавы баланс на 2013 год. Між тым менавіта гэтае пытанне, імаверна, было галоўным на перамовах.

У снежні 2012 года Беларусь і Расія толькі ўзгаднілі баланс паставак нафты ў Беларусь на I квартал.

Спрэчка ўзнікла пасля таго як Расія выявіла кантрабанду нафту з Расіі пад выглядам растваральнікаў у 2011–2012 гадах. Мінск аспрэчваў факт кантрабанды.

Беларусь цалкам залежыць ад паставак нафты й газу з Расіі як для ўнутраных патрэбаў, так і для перапрацоўкі на экспарт. Даходы ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, — галоўная крыніца валюты для Беларусі.
У адрозненне ад Літвы, Польшчы і Украіны, за 20 гадоў незалежнасці Беларусь не дыверсіфікавала крыніц паставак энэрганосьбітаў.

Сяргей Гезгала