Новы ўказ пра канцэрты: «чорныя спісы» ўзаконяць

У адміністрацыі Лукашэнкі рыхтуецца новы ўказ аб арганізацыі канцэртаў.

14.03.2013 / 09:53

Плануецца, што арганізатарам зноў давядзецца ўзгадняць з уладамі кожную імпрэзу. Арганізатары канцэртаў з трывогай абмяркоўваюць змены, якія ўводзяцца ў закон «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў». Кажуць, каб правесці канцэрт, з 1 мая трэба будзе зноў браць гастрольныя пасведчанні, скасаваныя ў 2011 годзе.

«Праект указа ёсць, але ці будуць унесеныя змены 1 мая, нам невядома, — даюць скупы каментар у Міністэрстве культуры. — Рэч у тым, што не мы рыхтуем гэты дакумент, яго рыхтуе адміністрацыя Лукашэнкі. Каментаваць чужы дакумент мы проста не маем права».

Магчыма, такім чынам адміністрацыя выконвае даручэнне Лукашэнкі «разабрацца з чорнымі спісамі», што прагучала на прэс-канферэнцыі кірўніка дзяржавы 15 студзеня. Распрацоўку новага закона аб арганізацыі канцэртаў ускосна пацвердзілі ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама. Праўда, таксама без каментароў. Дык якую ж дзяржаўную таямніцу абараняюць чыноўнікі?

«Вяртаемся да таго, ад чаго ўжо адышлі: бюракратыі і пісаніны,
— разважае на тэму арганізатар канцэртаў Антон Сасноўскі. — Я думаю, гэта ўсё робіцца, каб не тое што ўзаконіць, але рэгламентаваць усю канцэртную дзейнасць. У тым ліку і чорныя спісы. Перш за ўсё менавіта рэгуляваць кожны канцэрт, асабліва ў сітуацыі, калі да нас едуць даслоўна ўсе, ад Земфіры і Мілен Фармер да Арміна ван Бюрэна… Інакш, відаць, дзяржаўная машына проста не дае рады».

Вяртанне «гастролек» значна павялічыць часавыя выдаткі на арганізацыю канцэрта. Раней на афармленне ішло да двух тыдняў.

«Цяпер усё можна рабіць аператыўна, і адно ад другога не залежыць, — тлумачыць розніцу Антон Сасноўскі. — Рэкламная кампанія ідзе асобна, квіткі друкуюцца асобна. Пасля змен гэта ўсё трэба будзе рабіць разам. Бо каб расклеіць афішы і наогул выйсці на рэкламу, трэба паказваць звесткі з гастрольнага пасведчання. Трэба паказваць, што я маю права на арганізацыю імпрэзы».

Усё гэта адаб’ецца на гледачах: цану гастрольнага пасведчання арганізатары будуць дадаваць да цаны квітка.

«У свой час былі „гастролькі“ з аднолькавай цаной для беларускіх і замежных гуртоў, — гаворыць пра магчымыя наступствы яшчэ адзін арганізатар канцэртаў, Віталь Супрановіч. — Напрыклад, заплаціць тысячу даляраў за пасведчанне для замежнага гурта, натуральна, можна. Але калі столькі ж будзе каштаваць пасведчанне для беларускага гурта, у якога, магчыма, бюджэт усяго канцэрту — тысяча… З пасведчаннем атрымаецца ўдвая даражэй, і тады з канцэртамі беларускіх музыкаў узнікнуць праблемы».

Быў час, калі цана «гастролькі» вагалася ў залежнасці ад колькасці гледачоў. Напрыклад, калі на канцэрт планавалася сабраць да 300 чалавек, яна каштавала 10 базавых адзінак. Сёння гэта мільён рублёў. Гэтую суму дзелім на колькасць наведнікаў і атрымліваем «дадатак» да цаны білета. Але тут варта ўлічваць, што клубы бываюць і на 100, і на 80 чалавек. Да таго ж, арганізатары рэдка плануюць аншлагі і рызыкаваць сваімі грашыма не будуць.

Але «гастролькі» могуць і не даць.
Напрыклад, раней музыкам з «чорных спісаў» адмаўлялі праз «нізкі мастацкі ўзровень». Адным з першых з такой фармулёўкай сутыкнуўся гурт «Крама»: у 2007 годзе забаранілі прэзентацыю яго альбома «Усё жыццё — дзіўны сон».

Нагадаем, гастрольныя пасведчанні былі скасаваныя 1 студзеня 2011. З таго часу ў Беларусі існуе паведамляльны прынцып арганізацыі імпрэзаў. Гэта значыць, дастаткова проста папярэдзіць выканкам, што пройдзе пэўны канцэрт. Праўда, як паказала практыка, гэта не перашкаджае адмяняць некаторыя канцэрты ў абыход закона таямнічым тэлефонным званком.