Трэці «Дэбют» — перамаглі Адамовіч, Шарова і Янкута. Спецпрэмію атрымаў Лабадзенка

Цырымонія прайшла ў галерэі «Ў» у чацвер, 21 сакавіка.

21.03.2013 / 22:00

Прэмія сабрала поўную залу аматараў літаратуры.

Спявае Андрусь Такінданг.

Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Арлоў аддзячвае фундатару прэміі Паўлу Бераговічу.

Ганна Янкута — надзея беларускага перакладу.

Юлія Шарова моцна стартавала з раманам «Don Giovanni, альбо Памілаваны свавольнік».

Спецыяльны прыз Глебу Лабадзенку ўручыў фундатар прэміі — бізнэсовец Павал Бераговіч.

Андрэй Адамовіч адзначаны за паэзію.

Сёння ў Мінску трэці раз уручылі прэмію «Дэбют» — Беларускі ПЭН-Цэнтр штогод узнагароджвае аўтараў-дэбютантаў у трох намінацыях: проза, паэзія і пераклад.

Сёлета прэмію атрымалі паэт Андрэй Адамовіч, празаік Юлія Шарова і перакладчык Ганна Янкута.

Вершы Андрэя Адамовіча друкаваліся ў «Нашай Ніве», траплялі ў польскія зборнікі сучаснай беларускай паэзіі і друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў». Яго верш цытаваў Пётра Садоўскі, калі крытыкаваў шорт-ліст «Дэбюта». Перамога Андрэя Адамовіча была чаканай, аднак шмат хто лічыў, што пераможа Наста Манцэвіч, чый зборнік «Птушкі» выклікаў вялікую палеміку ў літаратурных колах. «Не для ўсіх паэзія Насты выявілася прымальнай. — сказаў Валянцін Акудовіч, сябар журы, які ўзнагароджваў паэтаў.

— Я не памятаю, каб на якой-небудзь з прэмій у журы ўзнікла такая гарачая палеміка. Ледзь не пабіліся».

«Don Giovanni, альбо Памілаваны свавольнік» таксама стаў падзеяй на літаратурным полі ў 2012 годзе — Юлія Шарова першы варыянт рамана напісала яшчэ сем год таму, аднак потым грунтоўна перапрацавала, і выйшаў ён летась і толькі ў электронным выглядзе. Раман пра дырыжора-беларуса з расійскага опернага тэатра, таксама выклікаў шэраг дыскусій.

Пры гэтым Лявон Баршчэўскі высока ацаніў кнігу і ў разгорнутай рэцэнзіі зазначыў, што раман чытаецца не горш за творы мэтраў айчыннай літаратуры.

Ганна Янкута, якая пераклала «Калядны Харал» Дыкенса, перамагла ў намінацыі «Пераклад».

Рэч у тым, што «Харал» застаецца адной з самых папулярных калядных аповесцяў у гісторыі літаратуры,
а таму з’яўленне гэтага тэксту па-беларуску выглядае цалкам лагічным, і як выявілася, запатрабаваным.

Спецпрэмію, якую журы ўвяло сёлета («за найлепшы крэатыў») атрымаў Глеб Лабадзенка за кнігу «Дзіцячая ЗаМова» — ілюстраваны дапаможнік па складаных моўных момантах.

ЮУ