Наймальнікі атрымаюць права мяняць рэжым працы ў моцны мароз ці спёку

02.04.2013 / 12:14

Папраўкі ў закон «Аб ахове працы» дадуць наймальнікам магчымасць змяняць рэжым працы пры моцнай спёцы або моцным марозе, паведаміла сёння міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, выступаючы на пасяджэнні палаты прадстаўнікоў.

Папраўкі ў закон тычацца дадатковых спецыяльных перапынкаў у неспрыяльных умовах надвор’я.
«Акрамя перапынкаў, звязаных з асаблівасцямі выканання асобных відаў работ, наймальніку даецца права мяняць рэжым працы пры моцнай спёцы або моцным марозе», — патлумачыла М. Шчоткіна. Яна адзначыла, што раней пры экстрэмальных умовах надвор’я было шмат заяваў, у тым ліку ад прафсаюзаў.
Пры гэтым міністр патлумачыла, што гідраметэаралогі разумеюць пад моцнай спёкай тэмпературу паветра плюс 30–34 градусы, пад моцным марозам — мінус 25–34 градусы.