Цяжкая спадчына Сталіна

Менскі гарадзкі суд пастанавіў не заводзіць справы супраць Вышэйшай атэстацыйнай камісіі паводле скаргі гісторыка Ірыны Кашталян.

13.08.2007 / 17:24


Ірына Кашталян

Менскі гарадзкі суд пастанавіў не заводзіць справы супраць Вышэйшай атэстацыйнай камісіі паводле скаргі гісторыка Ірыны Кашталян. Спадарыня Кашталян лічыць, што ВАК не зацьвердзіў яе кандыдацкую дысэртацыю, прысьвечаную пэрыяду рэпрэсій, з палітычных прычынаў.

Скаргу гісторыка Ірыны Кашталян у Менскім гарадзкім судзе разглядалі меней за 10 хвілін. У выніку гарадзкія судзьдзі пагадзіліся з рашэньнем Першамайскага раённага суду, які раней адмовіўся адкрываць справу супраць Вышэйшай атэстацыйнай камісіі паводле скаргі Ірыны Кашталян. Навукоўца заявіла Радыё Свабода, што не чакала іншага рашэньня.

«Гэтая сытуацыя мне паказала, у якім жахлівым становішчы знаходзіцца гістарычная навука. Наколькі ў нас гісторыкі пастаўленыя на калені, як яны дзеляцца на прыстасаванцаў і нескароных».

Ірына Кашталян напісала дысэртацыю на тэму «Штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва ў 1944—53 гадах». У дысэртацыі закранаецца таксама й тэма рэпрэсій і выжываньня людзей у складаных эканамічных умовах паваеннай Беларусі. Як лічыць Ірына Кашталян, ацэнкі гэтага пэрыяду савецкіх часоў не супадаюць з навуковымі фактамі. Экспэртная рада ў гістарычных навуках дала на працу адмоўнае заключэньне.

Са слоў Ірыны Кашталян, чыноўнікі палічылі, што яна зьняславіла савецкае мінулае беларускага народу. На гэтай падставе прэзыдыюм Вышэйшай атэстацыйнай камісіі таксама не зацьвердзіў дысэртацыі гісторыка. Ірына Кашталян паспрабавала аспрэчыць рашэньне прэзыдыюму ВАК у судзе. Аднак Першамайскі раённы суд адмовіўся заводзіць справу: гісторыку заявілі, што суд навуковых спрэчак не разглядае.

Між тым, спадарыня Кашталян настойвае, што прэзыдыюм ВАК парушыў шэраг норм, і таму справу варта разглядаць у судзе. Сёньняшняе рашэньне Менскага гарадзкога суду Ірына Кашталян называе «чарговай спробай сыстэмы абараніць сябе».

Гісторык Аляксандар Гужалоўскі быў адным з рэцэнзэнтаў дысэртацыі Ірыны Кашталян. У сваёй рэцэнзіі ён адзначаў і недахопы працы. Але збольшага й ён згодзен зь меркаваньнем, што дысэртацыю «зарубілі» з палітычных прычын.

Безумоўна, я лічу, што гэта вельмі сур’ёзная і наватарская праца. Ёю зроблена сур’ёзная заяўка, але ў яе ацэнцы пераважаў ідэалягічны аспэкт».