Былы галкіпер зборнай Беларусі аб'явіў сябе ахвярай рэжыму Лукашэнкі

Былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Валеры Шанталосаў лічыць, што заведзеная супраць яго крымінальная справа па артыкуле 253 КК «Подкуп удзельнікаў прафэсійных спаборніцтваў» ёсьць палітычным заказам.

14.08.2007 / 10:17


Валеры Шанталосаў

Былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Валеры Шанталосаў у мінулую суботу зьвярнуўся з адкрытым лістом праз «Комсомольскую правду в Новосибирске».

Шанталосаў лічыць, што заведзеная супраць яго крымінальная справа па артыкуле 253 КК «Подкуп удзельнікаў прафэсійных спаборніцтваў» ёсьць палітычным заказам. А калі больш дакладна, то — «помста праваахоўных органаў, галоўнага рэдактара «Прессбола» Ўладзімера Беражкова і арганізатара‑выканаўцы Генадзя Туміловіча».

Шанталосаў занепакоены, што ўзьнікла пагроза спачатку палітычнай , а пасьля фізычнай расправынад ім. Брамнік расказвае, што на працягу апошніх двух з паловай гадоў яму і ягонай сям’і неаднаразова тэлефанавалі з пагрозамі. А дачку Шанталосава выгналі з унівэрсытэту за «свабодамысьленьне, выражэньне сваёй пазыцыі і меркаваньняў».

Заява заканчваецца наступнай фразай: «У выпадку, калі са мной ці з маёй сям’ёй штосьці здарыцца (фізычная расправа, якая прывядзе да сьмерці членаў маёй сям’і), прашу лічыць вінаватымі вышэйпералічаных асоб».

Зьміцер Панкавец