Буткявічус: Мясніковіч даў зразумець, што Беларусь хоча паляпшэння адносін з ЕС

Кіраўнік літоўскага ўрада Альгірдас Буткявічус, што сустрэўся з беларускім прэм'ерам, чакае адлігі ў адносінах ЕС і Мінска і сцвярджае, што спрыяць гэтаму можа старшынства Літвы ў ЕС у другой палове гэтага года.

18.04.2013 / 10:24

Буткявічус сцвярджае, што беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч, які знаходзіцца цяпер у Клайпедзе, можа быць запрошаны на лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства ў Вільні.

«Адносіны паміж Беларуссю і ЕС у палітычнай плоскасці сапраўды напружаныя. Але з учорашняй сустрэчы з прэм’ер-міністрам я зразумеў, што яны сапраўды хацелі б гэтыя адносіны палепшыць і больш цесна супрацоўнічаць з ЕС», — сказаў Буткявічус у чацвер.

«У перыяд старшынства можа нават будзе закранутае пытанне аб паляпшэнні адносін паміж ЕС і Беларуссю, але зразумела, што Беларусь павінная выканаць задачы, якія ставіць перад ёй ЕС», — сказаў прэм’ер.