Спецслужбы Канады прадухілілі тэракт у цягніку Таронта — Нью-Ёрк

23.04.2013 / 09:03

Хінеб Эсангаер — другі справа (у чорнай футболцы) сярод студэнтаў Нацыянальнага інстытута навуковых даследаванняў у Манрэалі. Арыштаваны ў панядзелак па падазрэнні ў тэрарызме.

Паліцыя ў Канадзе паведаміла, што ўладам удалося прадухіліць буйную тэрарыстычную змову, да якой датычная «Аль-Каіда». Арыштаваныя двое падазраваных. Яны планавалі падарваць бомбу ў цягніку, які рухаўся з Таронта ў Нью-Ёрк.

На прэс-канферэнцыі абвешчана, што падазраваныя 30-гадовы Хінеб Эсенгаер і 35-гадовы Раід Джасер былі арыштаваныя ў Манрэалі і Таронта ў панядзелак.

У аўторак яны паўстануць перад судом, які вырашыць пытанне пра будучыя меры стрымання. Змоўшчыкі былі арыштаваныя раніцай у панядзелак, а назіранне за імі вялося цягам года.

Па заяве прадстаўніка паліцыі, гэта змова ніяк не звязана з выбухамі ў Бостане на мінулым тыдні.

У расследаванні бралі ўдзел амерыканскія спецслужбы, у тым ліку і ФБР. Прадстаўнік канадскай паліцыі заявіў, што аперацыя па сачэнні, якая прывяла да арышту падазраваных, стала вынікам цеснага супрацоўніцтва канадскіх і амерыканскіх спецслужбаў.

Паводле яго слоў, арыштаваныя не з’яўляюцца канадскімі грамадзянамі і былі звязаныя з прыхільнікамі «Аль-Каіды» у Іране.

На думку паліцыі, задуманы імі напад на цягнік знаходзіўся ў стадыі падрыхтоўкі і не нёс непасрэднай пагрозы.

Тым часам у парламенце Канады абмяркоўваецца законапраект па ўзмацненні антытэрарыстычнага заканадаўства.