Памёр былы маладафронтавец, МНСавец Міхаіл Шарамет

23.04.2013 / 09:46

Памёр Міхал Шарамет.

Даруйце, не ўмею пісаць некралогі, але мушу напісаць, бо такіх людзей у Беларусі адзінкі. І адным з іх стала менш.

Міхал быў доўгі час адным з матораў Маладога Фронту, я запомніў яго як чалавека, з якім хацелася быць у адной камандзе. На яго можна было разлічваць. Ён працаваў, калі астатнія разважалі. Ён не спыняўся, калі ўсе астатнія складалі рукі.

У «Маладым Фронце» Міхал, сярод іншага, вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі на самых недасягальна-высокіх кропках горада. Быў хлопцам фізічна моцным, але адначасова вельмі разумным. Пазней працаваў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, дзе зноў спецыялізаваўся на «высотных» працах.
Пры гэтым, сваіх поглядаў Міхал не змяняў, размаўляў па-беларуску, сябраваў з тымі, з кім хацеў, у вольны час рабіў тое, што лічыў неабходным. За гэта меў ад уладаў праблемы, але не магу ўявіць, каб Міхал наракаў на лёс.

Для мяне ён быў адным з тых людзей, на якіх павінна трымацца Беларусь. У нашай з Вамі Беларусі адна з апораў знікла.

Спачуванне жонцы Алене, бацькам і сыну. Светлая памяць!